Беларуская Служба

Завочны прысуд «аналітыкам Ціханоўскай» не прайшоў міма Страсбура

03.07.2024 16:30
Савет Еўропы асудзіў выракі па справе «аналітыкаў Ціханоўскай».
,
Страсбург, Савет ЕўропыАўтар: Витольд Муратов - Сфатаграфавана загрузіўшым, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10724344

Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч выступіла з рэзкім асуджэннем палітычна матываваных прысудаў у працэсе, названым рэжымам Лукашэнкі «справай аналітыкаў Ціханоўскай», паведамляе «Свабода».

«Калектыўны судовы працэс па неабгрунтаваных і надуманых абвінавачаннях быў праведзены з відавочным грэбаваннем належнай прававой працэдурай і служыць яшчэ адным яркім напамінам аб сістэматычных і шырокамаштабных парушэннях правоў чалавека ў выніку палітычных рэпрэсій у краіне», – цытуе генеральную сакратарку Савета Еўропы прэс-служба арганізацыі.

Марыя Пейчынавіч-Бурыч дадала, што арганізацыя «абсалютна салідарная» з усімі палітвязнямі ў Беларусі і патрабуе іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Вінаватыя ў прычыненні ім пакутаў павінны быць прыцягнуты да адказнасці «ў адпаведнасці з міжнародным правам», лічыць яна.

1 ліпеня Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла пра вынясенне прысуду адносна 20 удзельнікаў так званага «экстрэмісцкага фармавання «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай«». У спісе беларускія палітолагі, журналісты, аналітыкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку тыя, якія не маюць і не мелі ніякіх адносінаў да штабу Святланы Ціханоўскай.

Сярод іх Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна і Юры Дракахруст.

Абвінавачаным прызначылі пакаранні ад 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Некаторым таксама рознага памеру штрафы.

аз

У ААН заклікалі памілаваць ці змякчыць прысуд зняволеным за палітычныя погляды пажылым людзям у Беларусі

03.07.2024 12:35
«Мы зноў заклікаем Беларусь прывесці заканадаўства ў адпаведнасць са сваімі міжнароднымі абавязаннямі і вызваліць усіх асоб, несправядліва асуджаных».