Беларуская Служба

Валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка змясцілі ў ШІЗА за дзень да спаткання з бацькамі

17.08.2024 13:02
Палітвязень Андрэй Чапюк з сакавіка 2023 года адбывае тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22.
Андрэй Чапюкфота: Вясна

Паводле "Вясны", 16 жніўня ў Андрэя мусіла адбыцца спатканне з бацькамі ў калоніі, але 14 жніўня яго на 10 дзён змясцілі ў штрафны ізалятар. Прычынай стала "парушэнне формы адзення". Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, таму невядома, калі Андрэй зможа пабачыцца з бацькамі ў наступны раз.

Нагадаем, у верасні 2022 году вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным, у тым ліку каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку. Палітвязню прысудзілі шэсць гадоў калоніі.

Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 341 КККК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці — за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе). На судзе Андрэй выступіў з моцным апошнім словам.

Пазней Вярхоўны суд скараціў яму тэрмін на тры месяцы — да пяці гадоў і дзевяці месяцаў зняволення.

Вясна/ав