Беларуская Служба

З пачатку 2024 года як мінімум 126 чалавек асудзілі за салідарнасць з палітвязнямі

25.08.2024 15:17
Большасць з тых, хто патрапіў пад пераслед, — жанчыны і сваякі палітвязняў.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

З масавага рэйду сілавікоў за салідарнасць палітвязням прайшло 7 месяцаў. Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў 23 студзеня 2024 году стала дапамога сем’ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязням, якія цяпер у няволі. Большасць з тых, хто патрапіў пад пераслед, — жанчыны і сваякі палітвязняў.

Частку з іх асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, на некалькі дзясяткаў чалавек завялі крымінальныя справы.

Так, паводле звестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек патрапілі пад судовы адміністрацыйны пераслед паводле арт. 24.15 КаАП (за «выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці») з пачатку лютага 2024 году па ўсёй Беларусі. Гэты адміністрацыйны артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўвалі, адзначаюць праваабаронцы, новую рэпрэсіўную практыку сталі актыўна выкарыстоўваць супраць сем’яў палітвязняў.

Больш за ўсё беларусаў трапілі пад пераслед паводле гэтага артыкулу ў Мінску (22), Брэсце, Магілёве (па 12), Пінску (11), Горадні і Баранавічах (па 7). Ім прызначалі штрафы ў памеры ад 400 да 1 200 рублёў (ад 10 да 30 базавых велічынь) з канфіскацыяй дапамогі.

Прыкладна супраць 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі. Паводле звестак «Вясны», сама меней 22 чалавекі цяпер застаюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасць зь якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. На іх завялі крымінальныя справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, па гэтым артыкуле ім пагражае да сямі гадоў калоніі.

Нягледзячы на тое, што людзі дапамагалі палітвязням па ўласным жаданні і з уласных грошай, іх абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Сутнасць абвінавачвання ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю пра палітвязняў на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» (гаворка пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятыў).

Крымінальныя справы супраць дзевяці жанчын ужо апынуліся ў судзе — кагосьці ўжо асудзілі, а хтосьці яшчэ чакае суду.

Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч. Жанчынам прызначаюць да трох гадоў калоніі.

Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крам «Еўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем), адбыўся 23 студзеня. У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязняў.

Паводле Радыё Свабода

нг