Службы радыёэлектроннай разведкі і сувязі беларускага войска шукаюць спецыялістаў, якія валодаюць замежнымі мовамі. Гэта датычыць найперш моваў краін НАТА, якія мяжуюць з Беларуссю: польскай, літоўскай, латышскай і англійскай. Спецыялістам прапануецца кантрактная служба ў арміі, паведаміў «Беларускі Гаюн».
Паводле незалежных аналітыкаў, кампанія звязаная з актывізацыяй разведвальнай дзейнасці беларускага войска на межах краін-членаў Паўночнаатлантычнага альянсу. Між тым, калі веданне ангельскай мовы ў Беларусі даволі распаўсюджанае, то з польскай і асабліва з мовамі краін Балтыі ёсць праблемы.
За апошнія гады беларускія ўлады зачынілі школы, а таксама большасць гурткоў і арганізацый адпаведных нацыянальных меншасцяў. У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі, якая не спрыяе вывучэнню замежных моў.
Цікава, што ў беларускім войску (пакуль) не патрабуюцца вайскоўцы з веданнем украінскай мовы.
Апошні раз падобная акцыя праводзілася ў Беларусі савецкімі ўладамі ў снежні 1981 года. Тады з жаўнераў запасу, якія ведалі польскую мову, ствараліся спецыяльныя вайсковыя часткі. Яны павінны былі прыняць удзел у савецкім уварванні ў Польшчу з мэтай падаўлення руху „Салідарнасць”.
IAR/аз