Беларуская Служба

Беларускіх біятланістаў зноў не дапусцяць да міжнароднага сезона

30.09.2024 07:01
Ізаляцыя беларускага спорту працягваецца. Як і расійскага.
International Biathlon Union
International Biathlon UnionBy https://www.biathlonworld.com/, Fair use, https://en.wikipedia.org/w/index.php?curid=69996122

Біятланісты з Беларусі не змогуць выступіць у новым міжнародным сезоне, паведамілі ў Міжнародным саюзе біятланістаў (IBU). Таксама абмежаванні тычацца і біятланістаў з Расіі, паведамляе «Свабода».

У сербскім Бялградзе гэтымі днямі засядае кангрэс IBU. У арганізацыі адзначылі, што пытанне аднаўлення сяброўства нацыянальных федэрацый дзвюх краін і допуску іх спартоўцаў да спаборніцтваў не ўключылі ў парадак дня.



Рашэнне кангрэсу ад 2022 года застаецца ў сіле. У правілах IBU няма палажэння аб удзеле атлетаў у нейтральным статусе.

Пра тое, што беларускія і расійскія лыжнікі не будуць дапушчаныя да Кубка свету ў новым сезоне, паведамлялася напярэдадні.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя федэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, гэтак расійскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі на падставе пашпарта».

аз