Белстат апублікаваў апошнія звесткі па стане фінансаў прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Прадстаўленыя лічбы сведчаць аб абвальным зніжэнні прыбытковасці работы арганізацый. Рэнтабельнасць продажу прадпрыемстваў без уліку суб'ектаў малога прадпрымальніцтва за 7 месяцаў 2024 года скарацілася да рэкордна нізкіх значэнняў.
Рэнтабельнасць продажаў у розных галінах гаспадаркі ў Гомельскай вобласці па выніках 7 месяцаў 2014-2024 гг., %. Белстат
Па дадзеных Белстата на канец ліпеня 2024 года рэнтабельнасць продажаў склала 4,7%. Гэта на 1,2 працэнта менш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. Абвальнае зніжэнне рэнтабельнасці пачалося пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну. У 2021 годзе яе велічыня складала 7,4 працэнта. Да 2023 года яе велічыня ніколі не апускалася менш за 6%.
Адна з важных галін эканомікі на дадзены момант і зусім з'яўляецца стратнай.
Рэнтабельнасць продажаў у сферы сельскай гаспадаркі па выніках 7 месяцаў 2024 года склала -0,5 працэнта. Апошні раз стратнасць сельскай гаспадаркі фіксавалася ў 2021 годзе. У той год сельская гаспадарка так не здолела выйсці на акупляльнасць да канца года.
Асноўны ўклад у прыбытковасць дзейнасці прадпрыемстваў вобласці традыцыйна ўносіць прамысловасць. Падзенне рэнтабельнасці продажаў у прамысловасці да антырэкордных 5% і вызначыла анамальна нізкую рэнтабельнасць у цэлым па эканоміцы.
У выніку ў лідарах па рэнтабельнасці аказаліся галіны, дзе дамінуючае становішча займае бюджэтная сфера: навукова-тэхнічная дзейнасць, ахова здароўя і адукацыя.
Рэнтабельнасць продажу ў Гомельскай вобласці па выніках 7 месяцаў 2014-2024 гг., %. Белстат
Чысты прыбытак прадпрыемстваў, які ўтвараецца пасля выплаты падаткаў у параўнанні з 2023 годам, абрынуўся больш чым у 2 разы і склаў 469,7 млн рублёў. Падзенне чыстага прыбытку ў прамысловасці склала амаль 3,5 раза. Калі за аналагічны перыяд мінулага года на прамысловасць прыпадала 76 працэнтаў усяго чыстага прыбытку, то цяпер толькі 45 працэнтаў, гэта ўсяго ў паўтара раза больш, чым у хранічна праблемнай сельскай гаспадарцы.
Самая горшая сітуацыя складваецца ў сферы транспарта і лагістыкі і пошты. Тут другі год запар генеруюцца страты. На гэты раз 0,6 млн рублёў, што можна лічыць прагрэсам, паколькі ў мінулым годзе страту былі амаль у 13 разоў большымі.
Пазітыўныя змены ў атрыманні прыбытку можна адзначыць у навукова-тэхнічнай дзейнасці, сферы творчасці, спорту і забаў. Але сума прыбытку, які атрымліваецца ў гэтых сферах настолькі малая, што істотна не ўплывае на агульны стан фінансаў рэгіёну.
flagshtok.info/вх