Беларуская Служба

З 2021 года экспарт Беларусі на Захад зменшыўся у 11,5 разы, на ўсход — вырас у 22 разы, — Мытны камітэт

30.09.2024 18:18
Адбыліся «вельмі паказальныя змены», звязаныя з «уплывам заходніх санкцый».
  .  .
Чарга да мяжы. Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Roman Korotkov

Увоз тавараў у Беларусь з краінаў Еўрасаюза ў 2023 годзе ў параўнанні з 2021 годам скараціўся больш як на 56%, паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Нісцюк, яго цытуе «Позірк».

Паводле яго, за той жа час імпарт з усходу павялічыўся ў 2,3 разы.

Пры гэтым вываз тавараў з Беларусі ў заходнім кірунку ў 2023 годзе ў параўнанні з 2021 годам скараціўся ў 11,5 разы, а ва ўсходнім — вырас у 22 разы, паведаміў прадстаўнік ведамства.

На думку Нісцюка, адбыліся «вельмі паказальныя змены», звязаныя з «уплывам заходніх санкцый».

  • 8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з беларускага боку Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы з Беларуссю надалей працуюць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Пасля палітычна матываванага прысуду журналісту і актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).
  • 19 верасня 2023 году з прычыны росту плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілэнэ (Урбаны).

svaboda.org/вх