Беларуская Служба

Павел Латушка: «Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў. І яго ўжо нішто не спыніць»

01.10.2024 13:47
Перадача дакументаў па злачынствах супраць чалавечнасці мае надзвычайнае значэнне ў пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі. 
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/latushka/

«Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў сёння. Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў ім. І ён даедзе да месца прызначэння. Цяпер ужо — без варыянтаў. Для Лукашэнкі няма шляху назад. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас удзелу ў прэс-канферэнцыі з нагоды перадачы Урадам Літвы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд аб трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці ў адносінах да беларусаў.

Удзел у прэс-канферэнцыі таксама прымалі прэзідэнтка-элект, кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, віцэ-міністарка юстыцыі Літвы Габія Грыгайтэ-Даўгірдэ, кіраўнік Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва ў Міністэрстве юстыцыі Літвы Рычард Дзіковіч, дарадца Урада Літвы пры Міжнародным крымінальным судзе Аарыф Абрахам.

Перадача дакументаў па злачынствах супраць чалавечнасці мае надзвычайнае значэнне ў пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі. Сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Упершыню ў практыцы МУС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Статута.

«Праведзена вялікая праца. Міністэрствам юстыцыі Літвы, юрыстамі НАУ, міжнароднымі юрыстамі і экспертамі. Па сутнасці, яны стварылі новы прэцэдэнт. Упершыню ў практыцы МУС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Статута», — адзначыў Павел Латушка.

Крыніца: Афіцыйны канал Паўла Латушкі/юл