Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласці ў канцы верасня аштрафаваў двух грамадзян Украіны на максімальна прадугледжаную за незаконнае перасячэнне мяжы суму — 8500 грыўняў (прыблізна 200 долараў у эквіваленце).
Як адзначаецца ў рашэнні суда, які ў сваім распараджэнні мае «Радыё Свабода», украінцаў затрымалі сёлета 20 верасня на тэрыторыі Сарненскага раёна Ровенскай вобласці, за 10 кіламетраў ад украінскай мяжы ў кірунку беларускай вёскі Бухлічы Столінскага раёну Брэсцкай вобласці.
Пры складанні пратаколу адзін з затрыманых паведаміў украінскім памежнікам, што меў намер «перасячы дзяржаўную мяжу з Беларуссю для далейшага пераезду ў краіны Еўрапейскага саюза з мэтай пазбегнуць мабілізацыі».
Яшчэ адну справу, але ўжо крымінальную, расследуе паліцыя Ровенскай вобласці, якая выйшла на арганізатараў незаконнага перапраўлення ўкраінцаў у Беларусь.
Згодна з матэрыяламі справы, гэтым займаліся тры чалавекі, якія за сваю дапамогу патэнцыйным прызыўнікам патрабавалі ад 600 долараў да 9 тысяч долараў.
Ахвотнікаў пазбегнуць мабілізацыі яны перавозілі з горада Сарны Ровенскай вобласці ў іншыя населеныя пункты Сарненскага раёну бліжэй да мяжы, і на кожным этапе кожны з арганізатараў атрымліваў свой «ганарар». Тыя, хто падвозіў непасрэдна да мяжы, атрымлівалі найбольш — 9 тысяч долараў.
Для перамяшчэння ахвочых пакінуць Украіну выкарыстоўвалі матацыкл і аўтамабілі, адзін з якіх меў замежную рэгістрацыю.
Сарненскі раён мяжуе з Брэсцкай вобласцю Беларусі, памежная тэрыторыя праходзіць праз балоцістую мясцовасць.
Справу расследуюць з сярэдзіны жніўня 2024 году. Два фігуранты знаходзяцца ў следчым ізалятары, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам.
Раней падобную справу пачалі расследаваць у Чарнігаўскай вобласці.
svaboda.org/вх