Беларуская Служба

Васкрасенскі пра вызваленне палітвязняў: «Ключ не ў французаў, немцаў, ключ у палякаў»

03.10.2024 12:43
Польскія ўлады не раз катэгарычна заяўлялі, што пытанне адмены санкцый у адносінах Беларусі можа разглядацца толькі ў выпадку, калі на волю выйдуць усе палітычныя вязні.
 , 2024 .
Юрый Васкрасенскі, 2024 год. Фота: x.com/polityura

Бліжэйшым часам новага памілавання палітвязняў не будзе, бо беларускія ўлады чакалі нечага ўзамені і не атрымалі. Пра гэта заявіў прапагандыст Юрый Васкрасенскі ў гутарцы з праваабаронцам Леанідам Судаленкам, якую той пераказаў у Facebook.

Паводле Васкрасенскага, «ключ» для вызвалення беларускіх палітвязняў знаходзіцца ў кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага: альбо ён, альбо кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Ян Грабец павінны прыехаць у Беларусь на перамовы – у гэтым выпадку можна абмяркоўваць памілаванне журналіста Анджэя Пачобута. Пры гэтым, польскія ўлады не раз катэгарычна заяўлялі, што пытанне адмены санкцый у адносінах Беларусі можа разглядацца толькі ў выпадку, калі на волю выйдуць усе палітычныя вязні.

Прапагандыст Васкрасенскі заявіў, што «ўнутраная логіка» беларускіх уладаў – «любой цаной парадак»: «Парадак і страх: рабіце што хочаце, толькі не лезьце ў палітыку. Інакш тут можа паўтарыцца Украіна».

Zerkalo.io нагадвае, што 16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».

Гэта ўжо чацвёртая хваля памілаванняў палітвязняў за апошні час. 4 верасня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных па «палітычных» артыкулах. Сярод іх сем жанчын і 23 мужчыны. Большасць з іх – бацькі непаўналетніх дзяцей.

Раней, 16 жніўня, Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэснай скіраванасці». У іх ліку – 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворванні.

Васкрасенскі лічыць, што Алеся Бяляцкага, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака і іншых вядомых палітвязняў калі і памілуюць, то ў апошнюю чаргу, альбо будуць трымаць за кратамі да заканчэння тэрміну.

Васкрасенскі заявіў, што «тлустых палітвязняў» будуць мяняць на «тлустыя прапановы», такія як адкрыццё паветранай прасторы ці зняцце санкцый з прамысловых прадпрыемстваў.