Алену Янушкоўскую, блогерку і актывістку, якая была вымушана пакінуць Беларусь, праз суд выпісваюць з адзінага жытла. Справу пра «высяленне без прадастаўлення іншага жыллёвага памяшкання» сёння разбірае суд Віцебскага раёна (суддзя Таццяна Лабацкая).
Жытло Алены Янушкоўскай - хату ў вёсцы Суйкава пад Віцебскам - прадалі з аўкцыёну за пазыкі па штрафах і падатках. Сума запазычанасці актывісткі складала 1436 рублёў 60 капеек. Яе жытло ацанілі ў 10 700 рублёў, а прадалі амаль удвая даражэй. Грошы, што мусілі застацца пасля пагашэння запазычанасці, жанчына дагэтуль не атрымала.
Блогерку выпісваюць з хаты па пазове яе новага гаспадара - Станіслава Кадушкевіча. Высветлілася, што яго Алена Янушкоўская ведае асабіста. Ён ураджэнец вёскі Пестуніца Віцебскага раёна, жанчына некаторы час жыла там, дапамагаючы дачцэ даглядаць дзяцей. І зрабіла пра гэтую вёску некалькі матэрыялаў для свайго відэаблога па скаргах мясцовага насельніцтва, пасля чаго частка згаданых недахопаў была выпраўлена.
Алена Янушкоўская – аўтарка відэаблога «Настоящая Беларусь», у якім яна паказвала праўду пра няпростае жыццё ў беларускай глыбінцы. У 2020г. яна актыўна асвятляла грамадскія пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Наступствамі гэтага былі шматлікія затрыманні, а потым прысуджаныя штрафы і арышты – яны асабліва цяжка даліся сталай ужо жанчыне з інваліднасцю па хранічных захворваннях.
У 2021 годзе жанчына была вымушана пакінуць радзіму пад пагрозай крымінальнага пераследу. Яе абвясцілі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Сёлета 8 траўня паводле рашэння КДБ прозвішча Алены Янушкоўскай было ўнесена ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, які складае Міністэрства ўнутраных спраў. Прычынай стала жаданне ўзяць удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду ў складзе кааліцыі «Салідарнасць» (аб'яднання палітычных партый «Народная Грамада» і «Беларуская Хрысціянкая Дэмакратыя»). 16 траўня ў «Пераліку экстрэмісцкіх арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» было згадана прозвішча блогеркі як удзельніцы гэтай кааліцыі.
Крыніца: Віцебская Вясна/Сяргей Рэпнікаў
нг