Беларуская Служба

Лукашэнка «за асаблівыя заслугі» атрымаў ад Пуціна найвышэйшую ўзнагароду Расіі

10.10.2024 12:01
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб узнагароджанні 30 жніўня, у дзень, калі беларускі дыктатар адзначаў 70-годдзе.
       -
Лукашэнка атрымаў ад Пуціна найвышэйшую ўзнагароду Расіі - ордэн Святога апостала Андрэя ПершазванагаPAP/EPA/SERGEI ILNITSKY

Прэзідэнт Расіі ўручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ордэн прысуджаны Лукашэнку за «асаблівыя заслугі ва ўмацаванні двухбаковых сувязяў паміж Расіяй і Беларуссю», паведамляе «Свабода».

Пры нагодзе Пуцін паведаміў, што Расія з 4,5 мільярда долaраў займае першае месца паводле аб’емаў прамых інвестыцый у беларускую эканоміку.

 «Дзякуючы вашым намаганням гэтыя пэўныя перавагі ў галіне эканомікі, прамысловай вытворчасці за Беларуссю захаваліся. Таму ў нас ёсць магчымасць супольна, дапаўняючы адзін аднаго, рухацца па ўсіх гэтых і некаторых іншых кірунках», - дадаў Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка сказаў у адказ, што захаванне створаных у савецкі час прадпрыемстваў цяпер «прыдалося».

Ён дадаў, што Захад ставіў перад сабой планы нібыта «задушыць» Расію і Беларусь у эканоміцы і фінансах. Але, паводле яго, гэта «не атрымалася».

30 жніўня Аляксандр Лукашэнка адзначыў 70-годдзе. Пуцін да юбілею падпісаў указ аб узнагароджанні яго ордэнам Андрэя Першазванага.

Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага быў першым ордэнам і найвышэйшай узнагародай у Расійскай імперыі. Узнагароду заснаваў у канцы XVII стагоддзя цар Пётр І. Яна была адноўленая ў Расійскай Федэрацыі ў 1998 годзе.

Ордэнам былі ўзнагароджаныя, сярод іншых, патрыярх Кірыл, Міхаіл Гарбачоў, Нурсултан Назарбаеў, Гейдар Аліеў, Сі Цзіньпін, Нарэндра Модзі.

аз