Беларуская Служба

Рэкордную бляшанку тушонкі вырабілі ў Беларусі, яе аддалі сілавікам

17.11.2024 09:46
Вагу кансервы афіцыйна зафіксавалі для Кнігі рэкордаў Беларусі. 
  .
Рэкордная бляшанка тушонкі.Фота: mogilevnews.by

Самы вялікі ў Беларусі слоік тушонкі прадставілі 16 лістапада на свяце «Дажынкі-2024» у Клімавічах. Яе вага – 500 кілаграмаў - піша zerkalo.io.

Тушонку вырабіў Магілёўскі мясакамбінат. Маса самой бляшанкі – 54,4 кг, унутры яшчэ 500 кілаграмаў мяса. Прадстаўнікі завода паведамілі, што рэкордная тушонка зроблена па гостах - працэнт мяса па закладцы перавышае 97%. У складзе толькі натуральныя кампаненты: ялавічнае мяса, тлушч-сырэц, цыбуля, соль і перац.

Вагу кансервы афіцыйна зафіксавалі для Кнігі рэкордаў Беларусі. Паўэрліфтэр Кірыл Шымко, які з'яўляецца кіраўніком экспертнай рады кнігі, урачыста ўручыў пацвярджальны сертыфікат генеральнаму дырэктару Магілёўскага мясакамбіната Аляксандру Мілюціну.

Пасля фіксацыі рэкорду банку перадалі вайсковай часці № 6713. Гэта адна з часцей унутраных войск МУС, у склад якой уваходзіць магілёўскі атрад спецназа.

нг