Пачынаючы з 6:00 раніцы 22 лістапада зафіксавана як мінімум 14 заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед» у Беларусь з Украіны і Расіі. Дроны праходзілі праз «беларускі калідор», заляталі з Расіі, заходзілі ў напрамку Брагіна, Ельска і Гомеля, а адзін «Шахед» даляцеў да Рэчыцы, паведамляе «Беларускі Гаюн».
Першы заход быў у 06:10, дрон заляцеў з Бранскай вобласці ў бок аграгарадка Кругавец-Калініна (Гомельская вобласць). Далей «Шахеды» заходзілі ў 06:38, 07:49, 08:06, 08:07, 08:31, 08:39, 08:46, 09:09, 10:48, 11:18, 12:15, 13:06 і 13:57.
У 07:49 БПЛА заляцеў у Беларусь у раёне Лоева і працягнуў рух на паўночны захад, дасягнуўшы да 08:06 Рэчыцы і працягнуўшы рух у напрамку Жлобіна.
У той жа час з аэрадрома «Баранавічы» быў падняты дзяжурны знішчальнік ВПС Беларусі, які накіраваўся ў раён Рэчыцы і лётаў на паўднёвым усходзе краіны амаль дзве гадзіны. Пазней з'явілася інфармацыя пра тое, што як мінімум адзін дрон быў збіты над тэрыторыяй Беларусі. Паведамленне пра збіццё «Шахеда» пакуль не пацверджанае.
Агулам пацверджана вяртанне ў паветраную прастору Украіны з Беларусі васьмі з 14 дронаў. Некаторыя БПЛА маглі быць страчаныя ў Беларусі.
вс