Урад Польшчы хоча палегчыць маладым беларусам, у тым ліку палякам з Беларусі, навучанне ў Польшчы. Цяпер гэта амаль немагчыма, бо паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі сертыфікат аб іспытах за сярэднюю школу ў Беларусі дзейнічае толькі два гады.
Таму рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі, якія хочуць вучыцца ў Польшчы і ў якіх скончыўся тэрмін дзеяння сертыфіката, павінны вярнуцца ў сваю краіну, каб яго падоўжыць. Тым часам цяперашняя сітуацыя ў Беларусі робіць такое вяртанне немагчымым для многіх людзей.
Таму існуе ідэя, каб сертыфікат аб іспытах за сярэднюю школу ў Беларусі быў прызнаны ў Польшчы бестэрмінова.
У гэтую справу ўмяшаўся віцэ-спікер Сената Мацей Жыўна (Maciej Żywno) па ўзгадненні з Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі.
— Нам вельмі важна, каб палякі з Беларусі, а таксама прадстаўнікі апазіцыі, дзеці прадстаўнікоў апазіцыі маглі вучыцца ў Польшчы. Да гэтага часу маем заблакаваную сітуацыю, калі чалавек не прадставіў гэтага дакументу, ён не можа пачаць навучанне ў Польшчы.
Змена правіл магла б даць магчымасць выхаваць у Польшчы будучыя дэмакратычныя эліты, якія аднойчы возьмуць уладу ў Беларусі, патлумачыў на канферэнцыі ў Беластоку намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэй Шэптыцкі (Andrzej Szeptycki):
— Верым, што аднойчы гэтае пакаленне беларусаў, з аднаго боку — патрыётаў, а з іншага — разумеючых вартасці дэмакратычнай Еўропы, пяройме ўладу ў Беларусі. І Беларусь пойдзе па дэмакратычным, еўрапейскім шляху развіцця. Гэта сцэнар на будучыню. Таму, каб эфектыўна яго рэалізаваць, нам патрэбныя беларускія эліты ў будучыні. Імкнёмся развіццё гэтых эліт падтрымаць.
Віцэ-міністар Шэптыцкі дадаў, што летась у Польшчы навучаліся каля 12 тысяч беларускіх грамадзян. Гэта, пасля ўкраінцаў, другая па колькасці група замежных студэнтаў.
IAR/вх