Беларуская Служба

Беларусь будзе адным з прыярытэтаў ЕС падчас старшынства Варшавы

18.12.2024 15:03
Як адзначае прэс-служба АПК, адным з галоўных прыярытэтаў ЕС будзе падтрыманне дэмакратычных памкненняў беларусаў.
Ілюстрацыя Shutterstock.com/Alexandros Michailidis

17 снежня на сустрэчы з намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК), кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўлам Латушкам намесніца міністра замежных спраў Польшчы Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс заявіла, што Беларусь стане адным з прыярытэтаў падчас старшынства Польшчы ў ЕС.

Як адзначае прэс-служба АПК, адным з галоўных прыярытэтаў ЕС будзе падтрыманне дэмакратычных памкненняў беларусаў.

У ліку «найважнейшых падзеяў» гэтага перыяду Кабінет называе правядзенне ў пачатку лютага 2025 года з ініцыятывы міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага Форуму Касцюшкі – канферэнцыі высокага ўзроўню, на якую плануюць запрасіць «як кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў замежных спраў еўрапейскіх краінах, гэтак і кіраўніка ды прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, а таксама іншых прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага грамадства».

На сустрэчы Латушка падзякаваў Польшчы за арганізацыю Дзён Беларусі ў Бруселі з 9 да 13 снежня, якія сталіся «важным сігналам падтрымання для беларускай дэмакратычнай супольнасці».

Таксама палітык адзначыў важнасць чацвёртага пасяджэння кансультацыйнай групы Беларусь – ЕЗ, што прайшло ў тыя ж дні.

«Асобна Павел Латушка праінфармаваў намміністра замежных справаў пра ўзмацненне рэпрэсіяў у Беларусі напярэдадні выбараў, – адзначаецца ў паведамленні АПК. – Латушка і Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс пагадзіліся, што сёння няма ніякіх падставаў і ўмоваў для таго, каб назваць фарс, зарганізаваны рэжымам, дэмакратычнымі і празрыстымі выбарамі. Польшча будзе браць удзел у рыхтаванні агульнай пазіцыі ЕЗ, якая, як плануецца, будзе агучаная адразу пасля 26 студзеня 2025 года».

Сярод іншага на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і «ягоных памагатых за злачынствы супраць чалавечнасці» і «ваенныя злачынствы супраць украінскага народу».

Латушка папрасіў Масьціцку-Дэндыс падтрымаць зварот ураду Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт выдачы ордару на арышт Лукашэнкі. Намесніца міністра падкрэсліла, што Польшча «палітычна падтрымлівае гэты крок».

Нагадаем, што Польшча будзе старшыняваць у ЕС у першай палове 2025 года.

belsat.eu/эж