Беларуская Служба

З 1 студзеня за выдачу польскай нацыянальнай візы беларусы заплацяць больш

02.01.2025 09:01
Новыя законы і рост падаткаў. Што мяняецца для беларусаў з 1 студзеня 2025.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

У Беларусі ў новым, 2025 годзе набудзе моц шмат зменаў, якія тычацца розных групаў насельніцтва. Змены закрануць і падаткі, і пенсіі, і дапамогі, і штрафы, а таксама шэраг іншых сфераў, нагадвае «Свабода».

1 студзеня памер базавай велічыні павялічыцца на 2 рублі - да 42 рублёў. Разам з гэтым вырасце памер шэрагу відаў дапамогі, стыпендыяў, падаткаў і збораў, штрафаў ды іншых выплатаў.

Таксама з 1 студзеня базавая стаўка для аплаты працы ў бюджэтнай сферы вырасце з 253 рублёў да 270 рублёў, а мінімальны месячны заробак складзе 726 рублёў (рост на 100 рублёў).

Традыцыйна ў студзені павінны вырасці тарыфы на камунальныя паслугі.

Пачынаючы з 1 студзеня збор за выдачу польскай нацыянальнай візы (тып D) складзе 60 еўра замест цяперашніх 35 еўра. Ад збору вызваляецца шэраг катэгорыяў, у тым ліку падлеткі да 19 гадоў і грамадзяне Беларусі, якія звяртаюцца па гуманітарную візу.

У юрыдычных і фізічных асобаў пры атрыманні прыбытку звыш 25 мільёнаў рублёў за год стаўка падатку на прыбытак з 1 студзеня павялічыцца да 25 %.



Таксама павялічацца стаўкі акцызаў на тытунь і алкаголь. Апрача таго, вырасце падатак на першую кватэру.

Стаўка транспартнага падатку для аўтаўладальнікаў легкавікоў масай да 1,5 тоны павялічыцца з 66 рублёў да 70 рублёў. У 10 разоў больш заплацяць уладальнікі пэўных прэміяльных аўтамабіляў.

Стандартны падатковы вылік павялічыцца да 192 рублёў, калі заробак не перавышае 1 164 рублёў(цяпер 174 і 1054 рублёў адпаведна). Павялічацца і сумы падатковых вылікаў за дзіця ці жонку ў дэкрэце. Крытэр выручкі для ўжывання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання павялічаны да 3,5 мільёнаў рублёў.

З 1 студзеня з 18 да 12 месяцаў скарачаецца перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага. Таксама скарачаюцца перыяды выплаты дапамогі па беспрацоўі з шасці да трох месяцаў.

У Беларусі таксама ўводзіцца абавязак прыбіраць за сабакамі.

З 1 студзеня ў Беларусі і Расіі запрацуе адзіная сістэма аўтастрахавання.

Таксама з 1 студзеня пашыраецца пералік прафесій, на якія могуць прыцягвацца замежныя грамадзяне для працы ў Беларусі ў спрошчаным парадку.

аз