«Мы аўтаматызавалі працэс збору інфармацыі са стрымінгавых сэрвісаў і зрабілі нашу платформу ўніверсальным месцам для пошуку навінаў беларускай музыкі», – так прэзентуе пляцоўку каманда музычнага праекту.
На сайце можна знайсці свежыя сінглы беларускіх музыкаў, спасылкі на трэкі лідараў праслухоўванняў за апошні месяц, і топ-100 артыстаў і артыстак з Беларусі, якія набралі найбольшую колькасць слухачоў на Spotify і Yandex Music за апошні час.
Па сутнасці, платформа працуе як агрэгатар – падказвае, што зараз слухаюць на музычных пляцоўках з аўтарствам беларускіх выканаўцаў, а ўласна слухаць музыку карыстальнікам прапаноўваецца на аўдыястрымінгавых сервісах.
Адметнасцю новага рэсурса з’яўляецца спіс беларускіх артыстаў з 500 імёнаў, які сабрала каманда «Кліка». Спіс працягвае папаўняцца – праз яго актуалізацыю наведвальнікі платформы могуць даведацца пра музычныя навінкі выканаўцаў. Навіны пра новыя песні аўтаматычна з’яўляюцца на пляцоўцы адразу пасля рэлізу музыкаў.
Тэсціроўка «Кліка» пакуль не завершана – каманда платформы абяцае дадаць яшчэ некалькі зручных функцыяў для карыстання сэрвісам.
Белсат/ав