Лукашэнкаўскі СК выпусціў адмысловую заяву, дзе папярэдзіў тых, хто будзе за мяжою напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў удзельнічаць у акцыях супраць рэжыму Лукашэнкі. СК абяцае ім крыміналныя справы, у тым ліку і завочныя.
Акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў і палітычных рэпрэсій у Беларусі, якія цяпер могуць праходзіць толькі за мяжою, не даюць спакою рэжыму. СК папярэдзіў, што «працягвае вызначаць актыў экстрэмісцкіх ячэек за мяжой».
СК піша, што акцыі за мяжою расцэньвае «як спробу дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне і распальвання сацыяльнай варожасці з дапамогай малалікіх вулічных акцый, якія імітуюць падтрымку радыкальных рухаў».
СК называе экстрымісцкімі акцыі «Лукашэнка ў шродар», якія, па інфармацыі СК, арганізуюць народныя пасольствы, а таксама фестываль 26 студзеня ў Варшаве «Найлепшыя беларусы года».
«Следствам сумесна з зацікаўленымі органамі вядзецца актыўная работа па выяўленні і ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў запланаваных акцый за мяжой. Іх дзейнасць дакументуецца для прыняцця рашэння аб прыцягненні фігурантаў да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Кожнаму факту супрацьпраўнай дзейнасці будзе дадзена жорсткая прававая ацэнка», — пагражае СК.
«Запуск дыскрэдытацыйнай кампаніі зараз сведчыць пра крызіс у дзейнасці спецслужбаў рэжыму», заявілі на гэта прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі.
Крыніца: «Наша Ніва»/юл