Не менш за восем чалавек затрыманыя пры вяртанні ў Беларусь на Каляды і Новы год. Такую статыстыку прыводзіць фонд салідарнасці BYSOL.
Праваабаронцы «Вясны» ўдакладняюць, што частку людзей на мяжы дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць. Гаворыцца, што некаторых затрымліваюць адразу ў аўтобусе і чапляюць кайданкі, а па іншых прыходзяць праз некалькі дзён.
Праваабаронцы рэкамендуюць сур'ёзна ацэньваць рызыкі перад паездкай у Беларусь і не забываць аб правілах бяспекі: не захоўваць фота з акцый пратэсту, каб не нашкодзіць сабе і іншым удзельнікам пратэстаў. Таксама рэкамендуецца ўважліва праглядзець падпіскі ў сацсетках на наяўнасць «экстрэмісцкіх» старонак, а таксама падабаек і каментароў на іх.
Раней паведамлялася пра вялікі пасажырскі паток праз беларуска-польскую мяжу: перад Калядамі і Новым годам беларусы ехалі на радзіму, цяпер вяртаюцца ў ЕС. 13 студзеня чаргі на выезд у Польшчу чакае каля дзвюх тысяч легкавых аўто.
euroradio.fm/эж