Тэрытарыяльныя падраздзяленні радыяцыйнага кантролю Гомельскай вобласці даследавалі ў снежні 135 проб харчовых прадуктаў і 11 проб вады на ўтрыманне цэзію-137. У тым ліку, 90 проб было ўзята ў дзяржсектары і ў іх не знайшлі перавышэння ўтрымання цэзію-137 і стронцыю-90.
«З прыватнага сектара на ўтрыманне цэзію-137 даследавана 45 проб харчовых прадуктаў, перавышэнні гігіенічных нарматываў выяўленыя ў 8 (17, 8%) пробах: чатырох пробах грыбоў сушаных, трох пробах грыбоў свежых і прадуктах іх перапрацоўкі, адной пробе мяса дзікай жывёлы», — удакладнілі ў прэс-службе.
У Гомельскім санэпіднаглядзе расказалі, што перавышэнні нарматываў утрымання радыяцыі ў прадуктах харчавання былі выяўленыя ў Веткаўскім, Калінкавіцкім, Мазырскім і Нараўлянскім раёнах.
Таксама былі праведзеныя даследаванні 51 пробы вады і харчовых прадуктаў на ўтрыманне стронцыю-90, але перавышэння не выяўлена.
У профільным ведамстве нагадалі, што праверыць прадукты харчавання, вырабленыя ў асабістых гаспадарках, а таксама дары лесу, можна ў кожным тэрытарыяльным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
«Даследаванні для насельніцтва праводзяцца бясплатна», — прыводзіць Хартыя’97 паведамленне прэс-службы ўстановы.
Крыніца: Хартыя'97
нг