Беларуская Служба

Катэдж Цапкалаў не ўдалося прадаць і з другога разу

15.01.2025 12:42
На партале «Белюрзабеспячэння» гаворыцца, што аўкцыён не адбыўся з-за адсутнасці ўдзельнікаў.
Катэдж сям'і Цапкалаў крыніца: e-auction.by

Рэжым Лукашэнкі і з другога разу не змог прадаць катэдж, які належыць сям’і Валерыя і Веранікі Цапкалаў ды размяшчаецца ў мінскім мікрараёне Сляпянка.

На партале «Белюрзабеспячэння» гаворыцца, што аўкцыён не адбыўся з-за адсутнасці ўдзельнікаў. На першым аўкцыёне таксама не знайшлося ахвотных купіць дом палітэмігрантаў, паведамляе «Еўрарадыё».

Першы раз улады спрабавалі прадаць катэдж плошчай амаль у 420 квадратных метраў за 2 млн 104 тыс. рублёў. На другіх таргах стартавы кошт быў вызначаны на ўзроўні 1 млн 683 тыс. 200 рублёў.

«Белюрзабеспячэнне» папярэджвае патэнцыйных пакупнікоў, што маёмасць арыштаваная і ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх.

Валерый Цапкала ў 2020 годзе вылучаўся на пасаду прэзідэнта, аднак Цэнтрвыбаркам забракаваў вялікую колькасць подпісаў, сабраных за яго. Цапкала яшчэ да дня выбараў пакінуў Беларусь. Рэжым Лукашэнкі завочна асудзіў яго на 17 гадоў пазбаўлення свабоды.

вс