Беларуская Служба

У Беларусі дазволілі ануляваць даменныя імёны, якія могуць «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам»

22.01.2025 12:01
Даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны з вышэйзгаданай прычыны, «уносіцца ў спецыяльны пералік».
Ілюстрацыйны здымакфота: FLICKR/Blogtrepreneur/CC BY-SA 2.0

Адміністратар нацыянальнай даменнай зоны «мае права прыняць рашэнне аб ануляванні запісу» аб рэгістрацыі даменнага імя, «здольнага прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам» Беларусі. Гэта вынікае з загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) № 6 ад 17 студзеня 2025 года.

Дакумент, апублікаваны 22 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, набывае моц пасля афіцыйнай публікацыі, паведамляе «Позірк».

Даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны з вышэйзгаданай прычыны, «уносіцца ў спецыяльны пералік».

Якім чынам даменнае імя можа прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, у дакуменце не тлумачыцца.

Адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны (.by,.бел) з 2022 года з'яўляецца кампанія «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (beCloud).

Нагадваем, 4 красавіка 2024 года ААЦ выпусціў загад № 69, паводле якога «ў выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара – даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца па рашэнні адміністратара нацыянальнай даменнай зоны».

Ануляванае даменнае імя ўносіцца ў спецпералік і «становіцца недаступным» для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання ў ім.

Акрамя таго, ААЦ вырашыў, што даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны, будзе выстаўляцца на аўкцыён не пазней за 45 каляндарных дзён з дня анулявання запісу.

Праз 10 дзён пасля з’яўлення гэтага дакумента ААЦ ануляваў даменныя імёны як мінімум дзевяці сайтаў СМІ ў зоне.by, у тым ліку «Медыязона. Беларусь», Ex-Press.bу, Media-Polesye, IntexPress, Reform.by.

Летась у студзені ААЦ пазбавіў дэ-юрэ ліквідаваную Беларускую асацыяцыю журналістаў права на кіраванне даменным імем baj.by — нібыта праз выяўленыя парушэнні.

Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) «рашуча асудзіў» рашэнне беларускіх уладаў ануляваць даменныя імёны сайтаў навін, якія тыя назвалі «экстрэмісцкімі», і заклікаў «спыніць выкарыстанне заканадаўства аб экстрэмізме ў якасці інструмента цэнзуры для падаўлення незалежных СМІ».

аз

Лукашэнка пра інтэрнэт: У выпадку пагроз бяспецы меры будуць прыняты

21.01.2025 17:21
Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў чуткі аб абмежаванні інтэрнета ў час выбараў.