Беларуская Служба

Ціханоўская заклікала ЕС уключыць «дэмакратычную Беларусь» у праграмы Усходняга партнёрства

27.01.2025 16:01
Працягнуць палітыку ізаляцыі Лукашэнкі з адначасовай «падтрымкай простых беларусаў» заклікала Святлана Ціханоўская, выступаючы перад міністрамі замежных спраў краін ЕС 26 студзеня ў Бруселі.
 .
Святлана Ціханоўская.Фота: Прэс-служба Офіса Ціханосўкай.

Пра гэта паведаміў «Позірку» дарадца лідаркі дэмакратычнай апазіцыі Франак Вячорка.

На сустрэчы абмяркоўваліся «непрызнанне "безвыбараў" і Лукашэнкі, мірныя перамовы па Украіне, візавыя і легалізацыйныя пытанні, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі», сказаў саветнік Ціханоўскай.

У сваім выступе Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў сустрэчы «паказаць беларусам, што Еўропа з'яўляецца альтэрнатывай "рускаму свету"», а таксама «ўключыць дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства».

Акрамя гэтага, палітык заявіла аб неабходнасці прыкласці «ўсе магчымыя палітычныя і дыпламатычныя намаганні» для вызвалення беларускіх палітвязняў, а таксама «ўзмацніць ціск і санкцыі з патрабаваннем спынення рэпрэсій».

Усходняе партнёрства было створана ў 2009 годзе па ініцыятыве Польшчы пры падтрымцы Швецыі і мела на мэце наблізіць краіны, якія ўваходзяць у яго, да Еўрасаюза.

На фоне палітычнага крызісу 28 чэрвеня 2021 Беларусь заявіла аб прыпыненні ўдзелу ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства», звязаўшы гэта «з уведзенымі Еўрапейскім Саюзам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі мерамі ў дачыненні да Беларусі».

вх