Беларуская Служба

У Беларусі плануюць новыя меры, каб утрымаць выпускнікоў пасля адпрацоўкі — «Кіберпартызаны»

27.01.2025 16:29
У Беларусі — дэфіцыт кадраў. Каб утрымаць на працоўных месцах выпускнікоў пасля адпрацоўкі, у 2025 годзе плануюць унесці змены ў Кодэкс аб адукацыі.
Аўдыё

Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Кіберпартызаны» і публікуе дакумент за подпісам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Валерыя Герасімава.

У дакуменце сказана, што праблема сыходу з прафесіі тычыцца выпускнікоў розных навучальных устаноў. У сувязі з гэтым падрыхтаваны змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія плануецца разгледзець у 2025 годзе. Меры накіраваны на замацаванне кадраў.

Сярод іншага КДК прапануе фармаваць месцы на прыём абітурыентаў у навучальныя ўстановы зыходзячы з патрэб дзяржавы, а не попыту на прафесію сярод насельніцтва.

Акрамя таго, разглядаюць магчымасць увесці адказнасць для наймальнікаў за цякучасць кадраў і замацоўванне маладых спецыялістаў.

У дакуменце ёсць і апісанне ўмоў працы для маладых спецыялістаў: жыллё без вокнаў, святла і ацяплення, вылічэнні з заробку ў ветэрынараў за падзеж жывёлы, у інжынераў — за недахоп запчастак.

вх