Беларуская Служба

У эканоміцы Літвы занята амаль 47 тысяч беларусаў, гэта найбуйнейшая ў краіне група замежных работнікаў

29.01.2025 17:37
У Літве беларусы ў асноўным займаюць працоўныя месцы сярэдняй кваліфікацыі.
Jak przewiduje się trendy?
Jak przewiduje się trendy?Shutterstock

46,6 тыс. грамадзян Беларусі працаўладкавана ў Літве, паведамляе «Позірк» са спасылкаю на партал навін Delfi са спасылкай на Службу занятасці гэтай дзяржавы.

Гэта найбуйнейшая замежная група работнікаў у краіне. На другім месцы ўкраінцы, колькасць якіх у літоўскай эканоміцы складае крыху больш за 46 тыс.

Паводле слоў намесніцы дырэктара Службы занятасці Гедрэ Сінкявічэ, з 2022 года колькасць беларускіх работнікаў у Літве павялічылася на 33,6 тысячы чалавек.

Адзначаецца, што больш за ўсё беларускіх грамадзян працуе на прадпрыемствах транспартна-лагістычнай галіны (33,1 тыс.) і ў будаўніцтве (5,6 тыс.).

Найбольшы рост назіраецца ў фінансавай і страхавой дзейнасці: на пачатак 2022-га там працавала сем беларусаў, цяпер — 114. Такая ж тэндэнцыя ў ІТ-галіне — рост з 631 да 3,5 тыс.

У апрацоўчай прамысловасці працуе амаль утрая больш грамадзян Беларусі, чым у 2022-м, — 1,3 тыс. чалавек; у сферы рамонту аўтатранспартных сродкаў і матацыклаў — у чатыры разы (больш за 1 тыс.); у адміністрацыйнай і сэрвіснай дзейнасці — у восем разоў (541); у сферы паслуг размяшчэння і грамадскага харчавання — у сем разоў (473).

Удакладняецца, што ў Літве беларусы ў асноўным займаюць працоўныя месцы сярэдняй кваліфікацыі (40,9 тыс.). Цяпер на такіх пазіцыях занята ў паўтара разы больш людзей, чым па стане на 1 студзеня 2022 года.

«Колькасьць беларусаў, занятых на высокакваліфікаваных працоўных месцах, павялічылася больш чым у пяць разоў — цяпер іх 5,2 тыс., тады як у 2022 годзе не дасягала і тысячы (895)», — адзначыла Сінкявічэ.

Таксама стала вядома, што ў 2024 годзе 598 грамадзян Беларусі было прызнана ў Літве пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

вх