Беларуская Служба

Палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру

30.01.2025 13:01
Палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру.
Mikoła Statkiewicz
Mikoła Statkiewiczstatkevich.org

Пра гэта паведамляе Яўген Вільскі:

«Дэпутат Еўрапейскага парламента Пятрас Аўштравічус зарэгістраваў лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча кандыдатам на прысваенне Нобелеўскай прэміі міру.

Шалёная праца ў аўральным парадку па зборы матэрыялаў была праведзена камандай Народнай Грамады. І мы паспелі да заканчэння тэрміну прыёму заявак».

Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў жніўні 2020 года, яго асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю масавых беспарадкаў». З лютага 2023 года Статкевіча ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і знешнім светам — у рэжыме інкамунікада.

Мікалай Статкевіч — вядомы беларускі палітык. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў сям'і настаўнікаў у вёсцы Лядна Слуцкага раёну Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пазней працаваў выкладчыкам у сваёй альма-матар.

Мікалай Статкевіч — стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Быў кіраўніком Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

2005 годзе Статкевіча асудзілі  да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 года ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Па амністыі тэрмін абмежавання волі быў скарочаны на год (выйшаў на свабоду ў ліпені 2007 года).

У 2009 годзе кангрэс «Еўрапейскай кааліцыі» вылучыў Міколу Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. У 2010 годзе ён быў зарэгістраваны кандыдатам на выбарах прэзідэнта Беларусі. 26 мая 2011 года асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22 жніўня 2015 года Мікола Статкевіч быў памілаваны і вызвалены.

вх