Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта паведамляюць, што куратары масава правяраюць мабільныя тэлефоны ў студэнтаў на прадмет падпісак. Больш за тое, па выніках праверак складаюць справаздачы: колькі тэлефонаў адглядзелі, колькі — не, хто не даў тэлефона для агляду.
Студэнты думалі, што гэта ініцыятыва адміністрацыі Віцебскага дзяржуніверсітэта. Аднак высветлілася, што праверкі тэлефонаў навучэнцаў носяць масавы характар. Так, паступаюць паведамленні пра праверкі тэлефонаў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце і тэхналагічным каледжы. Практыка дайшла і да школ – вучні адразу некалькіх гарадскіх школ паведамляюць, што настаўнікі і адміністрацыя патрабуюць паказаць змесціва тэлефонаў.
Барацьба з іншадумствам у навучальных установах Беларусі не спыняецца нягледзячы на тое, што цяперашнія студэнты і школьнікі не бралі і не маглі браць удзелў у пратэстах 2020 года з-за свайго ўзросту. Усе гэтыя меры павінны ствараць атмасферу татальнага кантролю і страху, дзе навучэнцы не адчуваюць сябе вольнымі.
Пры гэтым улады не хвалюе законнасць метадаў змагання. Праверкі тэлефонаў адміністрацыямі навучальных устаноў, як мінімум, парушаюць правы чалавека і таямніцу асабістай перапіскі, у такіх дзеяннях ёсць прыкметы крымінальных злачынстваў (незаконнае збіранне або распаўсюд звестак пра прыватнае жыццё; парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоў, паштовых, тэлеграфных або іншых паведамленняў; незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя дадзеныя).
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск