Беларуская Служба

«Лукашэнка атрымлівае гарантыю ў выглядзе ядзернага парасона», — Латушка пракаментаваў заяву пра магчымае ўцягванне Беларусі Пуціным у вайну

06.02.2025 16:55
Павел Латушка пракаментаваў заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб магчымым уцягванні Беларусі Пуціным у вайну супраць Украіны ў 2025 годзе.
K
Kіраўнік НАУ Павел Латушкаскрыншот/ ютуб-канал Паўла Латушкі

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка нагадаў, што 10 студзеня Мінабароны Беларусі паведаміла АБСЕ аб правядзенні ў 2025 годзе на тэрыторыі Беларусі сумесных беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў. Адзначалася, што ў іх прымуць удзел не менш за 13 тысяч вайскоўцаў.

— Зыходзячы з венскіх дакументаў аб мерах умацавання даверу бяспекі АБСЕ, на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц гэтага міжнароднага пагаднення могуць праводзіцца ваенныя вучэнні з колькасцю больш за 40 тысяч вайскоўцаў не часцей чым адзін раз на тры гады.

Зыходзячы з гэтай логікі, <…> мы можам меркаваць, што ў гэтых вучэннях будзе ўдзельнічаць не менш за 40 тысяч чалавек, таму што якраз прайшло тры гады з таго моманту, калі праходзілі так званыя ваенныя вучэнні («Саюзная рашучасць - 2022» у лютым 2022 года. - Рэд.), — заявіў Латушка.

Ён дадаў, што ў РФ зараз рыхтуецца да ратыфікацыі дагавор аб стратэгічных гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй. У гэтым дакуменце, які падпісалі Лукашэнка і Пуцін 6 снежня мінулага года ў Мінску, указана, што РФ можа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку гіпатэтычнай агрэсіі ў дачыненні да Беларусі.

— Калі Пуцін сапраўды плануе разам з Лукашэнкам уцягнуць Узброеныя сілы Беларусі ў рэальную агрэсію супраць Украіны, Лукашэнка атрымлівае гарантыю ў выглядзе гэтага ядзернага парасона, — лічыць палітык.

Ён заклікаў трактаваць заяву прэзідэнта Украіны «дастаткова сур'ёзна».



Латушка таксама звярнуў увагу, што рашэнне аб накіраванні Узброеных сіл Беларусі на тэрыторыю трэцяй дзяржавы фармальна знаходзіцца ў кампетэнцыі Усебеларускага народнага сходу (УНС) — «1200 прызначэняў Лукашэнкі» і такім чынам апошні можа паспрабаваць зняць з сябе адказнасць.

На думку намесніка кіраўніка АПК, у гэтай сітуацыі Лукашэнка можа мець два варыянты дзеянняў.

З аднаго боку, у адказ на патрабаванне Пуціна накіраваць вайскоўцаў ва Украіну ён можа сказаць, што «Усебеларускі народны сход не падтрымаў гэтае рашэнне, а пераскочыць праз гэты орган я не магу».

Калі ж дэлегаты ВНС па ўказцы Лукашэнкі прагаласуюць за адпраўку Узброеных сілаў Беларусі на вайну, у гэтым выпадку палітык таксама можа заявіць беларускаму грамадству, што рашэнне прыняў не асабіста ён.

— Зыходзячы з прадстаўленай інфармацыі і папярэдняга аналізу, не варта недаацэньваць заяву прэзідэнта Украіны і адначасова варта ўважліва сачыць за дзеяннямі Лукашэнкі, які застаецца адным з галоўных саюзнікаў Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, — рэзюмаваў Латушка.

zerkalo.io/вх