Беларуская Служба

Два гады няма вестак ад палітвязняў Міколы Статкевіча і Максіма Знака

09.02.2025 17:00
З 9 лютага 2023 году палітзняволеных Мікалая Статкевіча і Максіма Знака ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і вонкавым светам — у так званым рэжыме інкамунікада.
Максім Знак і Мікалай Статкевічфота: Свабода

Палітзняволенага старшыню зліквідаванай уладамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году ў Мінску па дарозе на Камароўскі рынак, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Два разы запар яго арыштоўвалі на 15 дзён, але і пасля на волю ён не выйшаў, піша Свабода.

У канцы чэрвеня 2020 году Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачанні паводле крымінальнага артыкулу 342 («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), потым дадалі 293-ы артыкул («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 14 снежня 2021 году на закрытым працэсе суддзя Мікалай Доля вынес Статкевічу прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Статкевіч у залі суду гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»

20 чэрвеня 2022 году Статкевіча перавялі з Гомельскага СІЗА № 3 у папраўчую калонію № 13 у Глыбокім, якая лічыцца адной з самых суровых у краіне. Адміністрацыя калоніі паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні змясціла на паўгода ў адзіночную камеру, у верасні — у штрафны ізалятар. Агулам з ліпеня 2022 году Статкевіч у калоніі атрымаў дзясяткі спагнанняў.

З лютага 2023 году Статкевіча ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і знешнім светам. Паводле крыніц, яго па чарзе трымаюць то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару, а таксама пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.

30 студзеня стала вядома, што Мікалая Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру.

Палітвязень, кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік Мікалай Статкевіч яшчэ да 2020 году правёў у турме і на «хіміі» амаль 8 гадоў — гэта своеасаблівы рэкорд у палітычных прысудах. З канца 1990-х ён як старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) быў арганізатарам шматлікіх акцый пратэсту, за што меў дзясяткі адміністрацыйных арыштаў. У 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады абмежавання волі за арганізацыю вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2010 годзе стаў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 году. У дзень выбараў 19 снежня яго разам з іншымі кандыдатамі затрымалі адразу пасля Плошчы і пазней асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў самых суровых месцах зняволення — у Шклоўскай калоніі і Магілёўскай крытай турме. Вызвалены 22 жніўня 2015 году праз памілаванне, хаця сам прашэння не пісаў.

З таго часу Статкевіча шмат разоў «выкрадалі», прэвентыўна затрымлівалі перад усімі святамі і масавымі акцыямі і саджалі на «суткі».

Юрыст Максім Знак таксама знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада з 9 лютага 2023 году.

Максім Знак — адвакат, быў прадстаўніком штабу экс-банкіра Віктара Бабарыкі, які прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта, а таксама сябрам першага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі і яе прэзідыюму. Быў затрыманы 9 верасня 2020 году.

6 верасня 2021 году Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), арт. 357 («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу. Яго судзілі разам з Марыяй Калеснікавай у Мінскім абласным судзе, прысуд вынес суддзя Сяргей Епіхаў.

21 траўня 2022 году працоўная група па адвольных затрыманнях ААН накіравала беларускім уладам апавяшчэнне аб прызнанні неправамерным пазбаўленне волі Знака.

Максім Знак адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі № 3 (Віцьба). Вядома, што адміністрацыя віцебскай калоніі некалькі разоў змяшчала яго ў штрафны ізалятар і ПКТ. Паводле інфармацыі, атрыманай у красавіку 2023 году, палітвязень з лютага амаль не выходзіць з ШЫЗА.

24 траўня 2022 году КДБ унёс яго ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

У зняволенні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Ягоная кніга «Зэкамерон» стала адным з пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад яе на англійскую трапіў у лік 15 кніг, ганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

Свабода/ав