Беларуская Служба

Юрысты распавялі, што важна ведаць пра змены ў Крымінальны кодэкс

28.02.2025 17:01
Паводле іх, дзяржава не гатовая змякчаць пакаранне і паляпшаць становішча асобаў, што пераследуюцца паводле палітычных матываў.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Закон «Аб змяненні кодэксаў паводле пытанняў крымінальнай адказнасці» афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by. Ён уносіць змены ў Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс. У дакуменце перагледзелі санкцыі 97 складаў злачынстваў, з іх 65 складаў дапоўненыя больш мяккімі відамі пакаранняў. Аднак, нягледзячы на шэраг пазітыўных зменаў, таксама з'яўляюцца новыя падставы для палітычна матываванага пераследу, лічыць юрыдычная служба «Вясны». Паводле яе, дзяржава не гатовая змякчаць пакаранне і паляпшаць становішча асобаў, што пераследуюцца паводле палітычных матываў, у тым ліку і тых, хто з'ехаў з краіны.



У тым ліку, папраўкі пашыраюць спіс артыкулаў, паводле якіх беларусаў можна будзе судзіць завочна. Напрыклад, за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «абразу прэзідэнта», «здзек з дзяржсімвалаў». У Крымінальны кодэкс таксама прапануецца ўвесці паняцце «прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў» і абараніць яго з дапамогай увядзення новага крымінальнага артыкула «гвалт або пагроза» ў дачыненні да экс-прэзідэнта, а таксама ўключэннем гэтага суб'екта ў артыкул 367 (паклёп на прэзідэнта) і 368 (абраза прэзідэнта).

Пакаранні паводле палітычных артыкулаў амаль не змяніліся. Напрыклад, артыкул 342 або 367 КК. Акрамя таго, артыкул 411 КК, які на заканадаўчым узроўні замацоўвае адвольнае пазбаўленне волі, не быў выключаны і не змяніўся.

Таксама ўводзіцца новы артыкул — арт. 375-3 «Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў». Санкцыя паводле яго прадугледжвае або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Юрысты звяртаюць увагу, што цяпер прэтэндаваць на зняцце судзімасць стане складаней (ч.1 арт. 98 КК), бо новая рэдакцыя змяшчае дадатковыя ўмовы зняцця судзімасці датэрмінова.

Цяпер за здзяйсненне менш цяжкага злачынства (ч. 3 арт. 12 КК) непаўналетняму не прызначаецца пазбаўленне волі. Аднак гэтае правіла ўжываецца не да ўсіх непаўналетніх. Напрыклад, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не пражываюць стала ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама асобы, што ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, не падпадаюць пад выключэнне.

Новая рэдакцыя КК прадугледжвае, што асуджанага да смяротнага пакарання могуць вызваліць ад пакарання альбо замяніць смяротнае пакаранне на пажыццёвае пазбаўленне волі.

Уведзеныя абмежаванні на ўжыванне захадаў стрымання – змяшчэнне пад варту. Гэтая мера стрымання не ўжываецца ў дачыненні да непаўналетняга, жанчыны ці самотнага мужчыны, што выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў або дзяцей з інваліднасцю, якія падазраюцца або абвінавачваюцца ў здзяйсненні менш цяжкага злачынства, не спалучанага з замахам на жыццё і здароўе чалавека, асобы, што пакутуе на цяжкае захворванне, якая падазраецца або абвінавачваецца ў здзяйсненні менш цяжкага альбо цяжкага злачынства, не спалучанага з замахам на жыццё і здароўе чалавека. Гэта важны крок у бок паляпшэння становішча асобаў, пазбаўленых волі.

Аднак гэтае правіла не распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», што не адпавядае прынцыпу роўнасці.

аз