Па словах прадстаўнікоў Дэпартамента стратэгічных камунікацый узброеных сіл Літвы, летась у Літве ўзмацніліся прапагандысцкія паведамленні з Масквы і Мінска, якія запалохваюць літоўскіх грамадзян ядзернай вайной, паведамляе Delfi.lt. «Мы бачым актыўнае запалохванне, пагрозы ядзернай зброяй і выяву Літвы як краіны, якая прадстаўляе пагрозу Калінінграду і Беларусі», - кажа кіраўнік падраздзялення стратэгічных камунікацый Гедрус Валінтэліс.
«У 2024 годзе вялікая ўвага надавалася пытанню падтрымкі Украіны (...), у гэтым кантэксце мы зафіксавалі бесперапыннае правядзенне «чырвоных» ліній, запалохванне вайной НАТА-Расія або ядзернай вайной», - сцвярджае аналітык Інгрыда Норкуце. Паводле яе, таксама адзначана павелічэнне колькасці прапагандысцкіх паведамленняў з боку Беларусі.
«Калі мы паглядзім на паведамленні беларускага боку, то ў 2024 годзе гэтыя паведамленні былі вельмі сканцэнтраваны на меркаваным ворагу. Нельга выключаць, што для пранікнення ў заходнюю прастору выкарыстоўваюцца моцныя, радыкальныя пагрозы, таму што такія гучныя заявы часта транслююцца», - заявіла Норкуце, дадаўшы, што фіксуюцца і розныя паведамленні ў адрас беларускай апазіцыі, нібыта яна нікому не патрэбная.
Таксама, паводле аналітыкаў, працягвалася і звычайная варожая інфармацыйная дзейнасць.
«Прапагандысты ўсімі сіламі спрабавалі паказаць, што НАТА - слабы альянс, магчымасці якога непараўнальныя з магчымасцямі Расіі. Аднак таксама актыўна распаўсюджвалася інфармацыя аб тым, што НАТА ўяўляе пагрозу для саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі», - сцвярджае яна.
Акрамя таго, вялікая ўвага надавалася вучэнням НАТА або Літоўскага войска, а таксама ўмацаванню ваеннага патэнцыялу Літвы. «Магчымасці Літвы ў першую чаргу ўяўляліся не як абарончыя, а як наступальныя», - сказала Інгрыда Норкуце.
Спецыялісты Дэпартамента стратэгічных камунікацый узброеных сіл Літвы папярэджваюць, што ў гэтым годзе ціск з боку варожых дзяржаў адносна мірных перамоваў па Украіне ў 2025 годзе можа ўзмацніцца. «Усё будзе залежаць ад таго, як пройдуць мірныя перамовы па Украіне».
Аднак кіраўнік Аддзела стратэгічных камунікацый Гедрус Валінтэліс спадзяецца, што грамадзяне Літвы ўстойлівыя да такіх прапагандысцкіх паведамленняў.
аз