Спецыяльна для Цэнтра новых ідэй 40 экспертаў ацанілі ўстойлівасць і здольнасць нашай краіны прыстасоўвацца да крызісаў у палітыцы, эканоміцы, грамадскай і інфармацыйнай сферах. Іх аналіз паказаў, што ў 2024 годзе, у параўнанні з мінулымі гадамі, сітуацыя ў Беларусі застаецца крызіснай - паведамляе Люстэрка.
Як лічыўся індэкс?
Індэкс устойлівасці разглядае краіну як вялікую сістэму, падзеленую на чатыры сферы: палітыку, эканоміку, соцыум і інфармацыйную сферу. Эксперты ацанілі 77 паказнікаў па шкале ад −5 (горшае становішча) да +5 (самае ўстойлівае). З іх ацэнак вывелі сярэдняе арыфметычнае значэнне.
Ацэнку давалі супрацоўнікі недзяржаўных даследчых цэнтраў, вядучыя незалежныя аналітыкі, эканамісты, палітолагі, сацыёлагі і іншыя. Сярод іх, напрыклад, эканаміст Павел Данэйка, палітолагі Арцём Шрайбман, Кацярына Шмаціна, медыяэксперты Барыс Гарэцкі і Павлюк Быкоўскі.
Высновы даследавання
У 2024 годзе агульнае значэнне індэкса ўстойлівасці склала −1,94, што практычна не адрозніваецца ад леташняга (−1,96). Аўтары даследавання лічаць, што гэта азначае захаванне крызіснай сітуацыі ў Беларусі.
— Увогуле, агульны паказчык індэкса ніжэйшы за ўзровень стагнацыі, ён нават да яе не дацягнуўся, не кажучы ўжо пра адсутнасць пазітыўных змен, — адзначае дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік.
Найбольш праблемным кірункам удзельнікі даследавання назвалі ўнутраную палітыку Беларусі. На іх думку, яна знаходзіцца на мяжы калапсу: у 2024 годзе значэнне індэкса тут склала −4,75 бала — горшы вынік сярод усіх сфер.
Эканоміка: адзіны пазітыўны трэнд
Эканоміка стала адзінай сферай, дзе паказчык у 2024 годзе палепшыўся ў параўнанні з 2023-м: з −1,85 да −1,44. Руднік тлумачыць гэта ростам ацэнак па забеспячэнні занятасці насельніцтва і павелічэннем ВУП.
— Але эканоміка ў краіне далёкая ад выхаду з крызісу, — дадае Руднік. — Галоўнымі выклікамі застаюцца залежнасць экспарту ад расійскага рынку і неспрыяльны інвестыцыйны клімат у Беларусі.
Грамадская і інфармацыйная сферы
Зніжэнне паказчыка індэкса (з −1,28 да −1,44) працягнулася і ў грамадскай сферы. Адным з галоўных фактараў стала пагаршэнне ацэнак для дыяспары.
— Раней патэнцыял грамадзянскай супольнасці і медыя за мяжой разглядаўся як пазітыўны трэнд, але цяпер ён апынуўся пад пагрозай праз скарачэнне міжнароднай падтрымкі і страты ўплыву на сітуацыю ўнутры краіны, — тлумачыць Руднік.
У інфармацыйнай сферы найгоршае становішча звязана з умовамі працы медыя (−4,38), а найлепшыя паказчыкі — у інфраструктуры працы СМІ (−0,52). Даследчыкі адзначаюць, што найгоршых ацэнак Беларусь пакуль не дасягнула, у тым ліку дзякуючы працы ўмоўна нейтральных медыя і міграцыі аўдыторыі з тэлебачання ў сацсеткі, дзе расце колькасць непалітычнага кантэнту.
Навошта патрэбны індэкс?
— Калі глядзець на агульную сітуацыю ці кожную сферу асобна, то і грамадзянам, і экспертам і без даследавання відавочна, што становішча застаецца дрэнным. Але мы лічым важным фіксаваць дынаміку змен, бо ў будучыні гэта можа стаць добрым інструментам для планавання і правядзення рэформаў, — падсумоўвае Руднік.
нг