Беларуская Служба

Камітэт Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне падтрымлівае ўзмацненне санкцый для грамадзян Расіі і Беларусі

03.04.2025 16:02
Канчатковае рашэнне па вышэйпаказаных прапановах прыме літоўскі Сейм.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Камітэт Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне падтрымлівае ўвядзенне больш строгіх нацыянальных санкцый у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, паведамляе LRT.

У чацвер члены камітэта аднагалосна падтрымалі прапанову кансерватараў (Лаўрынаса Кашчунаса, Аўдронюса Ажубаліса і Валдаса Ракуціса) аб тым, што выдачу відаў на жыхарства ў Літве грамадзянам Беларусі, як і расіянам, трэба прыпыніць, калі ў іх няма дзеючай візы.

Дзеючыя віды на жыхарства павінны быць ануляваныя, калі грамадзяне Расіі і Беларусі здзейснілі паездкі ў Расію або Беларусь больш за адзін раз на працягу трох каляндарных месяцаў.

На думку кансерватараў, у Беларусі гэтыя людзі могуць быць завербаваныя спецслужбамі, ім можа быць даручана выкананне пэўных разведвальных функцый.

Выключэнне будзе прымяняцца да перавозчыкаў і вадзіцеляў грузавікоў, якія ідуць транзітам праз вышэйзгаданыя краіны або калі паездка мела аб'ектыўныя прычыны, якія не залежаць ад грамадзяніна.

На паседжанні камітэта ў чацвер гэтыя прапановы былі падтрыманыя прадстаўнікамі прэзідэнцкага ведамства і Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), але падвергліся крытыцы з боку бізнес-арганізацый.

Канчатковае рашэнне па вышэйпаказаных прапановах прыме Сейм.

аз