Беларуская Служба

Еўрапарламент прызнаў парушэннем суверэнітэту краін ЕС пераслед беларусаў у гэтых дзяржавах з боку рэжыму Лукашэнкі

03.04.2025 17:30
Еўрапарламент прызнаў парушэннем суверэнітэту краін ЕС пераслед беларусаў у гэтых дзяржавах з боку рэжыму Лукашэнкі
Еўрапарламент By Diliff - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35972521

Пра тое, што ЕП рыхтуе адмысловую рэзалюцыю ў сувязі з пагрозамі СК на адрас удзельнікаў святкавання Дня Волі стала вядома 28 сакавіка.

Еўрапейскі парламент (ЕП) на пасяджэнні 3 красавіка прыняў рэзалюцыю «Непасрэдная рызыка далейшых рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі - пагрозы з боку Следчага камітэта». Дакумент падтрымала 535 дэпутатаў ЕП, супраць выступіла 19, устрымалася - 55.

«Прыняцце рэзалюцыі пасля адпаведнага звароту кіраўніка НАУ ініцыяваў намеснік старшыні дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю, еўрадэпутат ад Польшчы Міхал Кабоска», - паведаміў «Позірку» намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

У тэксце рэзалюцыі адзначаецца, што ЕП «разглядае пераслед грамадзян Беларусі за іх мірную дэмакратычную дзейнасць за мяжой, як прамое парушэнне тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаваў — членаў ЕС», а таксама «заклікае да агульнаеўрапейскай прававой падтрымкі і абароны беларусаў у выгнанні», у тым ліку тых, хто не мае магчымасці абнавіць дакументы, што сведчаць асобу, і зазнаюць экстэрытарыяльны пераслед.

ЕП таксама «заклікае Міжнародны крымінальны суд паскорыць разбіральніцтва па злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі».

Акрамя таго, у дакуменце ўтрымліваецца заклік увесці «дадатковыя санкцыі, аналагічныя тым, што прымяняюцца да Расіі, у прыватнасці супраць службовых асоб, адказных за транснацыянальныя рэпрэсіі».

ЕП таксама настойвае на неабходнасці ўзмацнення палітычнай, фінансавай і тэхнічнай падтрымкі незалежных СМІ, праваабаронцаў і грамадзянскіх ініцыятыў.

аз