Улады Літвы прынялі рашэнне прадаць на аўкцыёне беларускую грузавую тэхніку, канфіскаваную за парушэнне санкцый. Пра гэта заявіла генеральная пракурорка краіны Ніда Грунскене.
Усяго гаворка ідзе пра 17 малакавозаў і 17 пажарных машын. Малакавозы прызначаліся для Кубы, пажарныя аўтамабілі — для Зімбабвэ, аднак у 2023 годзе яны былі затрыманыя ў порце Клайпеды, піша Bernardinai.
Як мяркуюць у Вільні, экспарт такой тэхнікі з Беларусі парушае міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму машыны былі арыштаваныя, а цяпер — пастаўленыя на продаж.
У 2024 годзе зімбабвійскі бок спрабаваў дабіцца вяртання сваёй тэхнікі. У Літву прыязджаў генеральны пракурор Зімбабвэ, які заяўляў, што пажарныя машыны павінны ахоўваць аб’екты Сусветнай спадчыны. Аднак вярнуць грузавікі не атрымалася.
Ніда Грунскене падкрэсліла, што Літва спадзяецца: пакупнікі перададуць гэтыя грузавікі Украіне, якая востра мае патрэбу ў тэхніцы.
nashaniva.com/эж