Беларуская Служба

Літва прадасць беларускія грузавікі, канфіскаваныя за парушэнне санкцый

06.04.2025 09:53
Літва спадзяецца: пакупнікі перададуць гэтыя грузавікі Украіне, якая востра мае патрэбу ў тэхніцы.
.  .
Ілюстрацыя. Трактар "Беларус".Foto: Фота: https://agromoto.com.ua/traktor_belarus-82-1

Улады Літвы прынялі рашэнне прадаць на аўкцыёне беларускую грузавую тэхніку, канфіскаваную за парушэнне санкцый. Пра гэта заявіла генеральная пракурорка краіны Ніда Грунскене. 

Усяго гаворка ідзе пра 17 малакавозаў і 17 пажарных машын. Малакавозы прызначаліся для Кубы, пажарныя аўтамабілі — для Зімбабвэ, аднак у 2023 годзе яны былі затрыманыя ў порце Клайпеды, піша Bernardinai.

Як мяркуюць у Вільні, экспарт такой тэхнікі з Беларусі парушае міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму машыны былі арыштаваныя, а цяпер — пастаўленыя на продаж. 

У 2024 годзе зімбабвійскі бок спрабаваў дабіцца вяртання сваёй тэхнікі. У Літву прыязджаў генеральны пракурор Зімбабвэ, які заяўляў, што пажарныя машыны павінны ахоўваць аб’екты Сусветнай спадчыны. Аднак вярнуць грузавікі не атрымалася.

Ніда Грунскене падкрэсліла, што Літва спадзяецца: пакупнікі перададуць гэтыя грузавікі Украіне, якая востра мае патрэбу ў тэхніцы.

nashaniva.com/эж