Беларуская Служба

Як кватэра стала гатэлем: гісторыя беларуса, які адкрыў бізнес у Польшчы

08.04.2025 06:02
Замест кватэры для сям’і ён набыў у Польшчы кватэру пад міні-гатэль. Цяпер сябры з Беларусі просяць яго зрабіць тое самае для іх.
Аўдыё
  • Як кватэра стала гатэлем: гісторыя беларуса, які адкрыў бізнес у Польшчы
.
Кватэра. Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

З прафесіяй мне пашанцавала

Мікалай па спецыяльнасці – эканаміст. Ён падкрэслівае, што ніколі не працаваў наёмным работнікам – заўсёды меў свой уласны бізнес. Каля дзесяці апошніх гадоў працуе ў сферы ІТ. Спачатку, як згадвае, займаўся распрацоўкай сайтаў, пазней — інтэрнэт-рэкламай і вэб-аналітыкай. Працуе з кліентамі па ўсім свеце.

Тры гады таму пераехаў у Польшчу і пачаў займацца бізнесам тут.

— Мяркую, што мне вельмі пашанцавала з прафесіяй, паколькі я вельмі лёгка ўліўся ў жыццё ў новай краіне. Мне не трэба было шукаць працу, не трэба было хутка вучыць польскую мову, бо, як кажа мой сябар: «Як цудоўна — адкрыў ноўтбук і ты на працы».

Замест кватэры — Łazarz Mini Apartments

Дарэчы, калектыў, з якім працуе суразмоўца, паводле яго, раскіданы па ўсім свеце: нехта жыве ў Францыі, Грузіі, Польшчы і г.д. Але што яшчэ цікава — мы размаўляем з Мікалаем у ягонай уласнай кватэры, якая цяпер называецца Łazarz Mini Apartments. Так, ён, відаць, як прыроджаны бізнесмен, здае пакоі ў сваёй кватэры на суткі.

— Даход у мяне афіцыйны ў Польшчы, і праз два гады ўжо мог атрымаць іпатэку — банк у мяне паверыў. Акрамя гэтага, удалося прадаць нерухомасць у Беларусі, былі яшчэ свае сродкі. Тады стаяў выбар: купіць кватэру, у якой буду жыць, ці купіць такі бізнес і займацца ім.

Бізнес пачынае раскручвацца

Цікаўлюся, як ён наогул рашыўся ў чужой краіне ўкласці практычна ўсе свае сродкі, да таго ж узяць крэдыт у банку і займацца бізнесам замест таго, каб набыць для сям’і кватэру і спакойна працягваць працу ў ІТ-сферы?

— Я думаю, гэта таму, што ўвесь час працаваў на сябе, і мая псіхіка не ўспрымае рызыку як нешта немагчымае. Гэта цікава, і я бачу перспектыву ў гэтым бізнесе. Мне ўжо тэлефануюць сябры з Беларусі і просяць дапамагчы падабраць для іх кватэру, якую я змог бы ўзяць пад кіраванне і здаваць на суткі на ўзаемавыгадных умовах. У нас ужо ёсць першая спроба: мы ўжо ўзялі кватэру пад кіраванне ў Мальбарку, здаём яе на суткі пад тым самым брэндам. Бізнес пачаўся ўдала — і ў студзені атрымалі першы прыбытак.

У Польшчы жыве вёска і малыя гарадкі

Наогул, займаючыся здачай кватэры на суткі, Мікалай адчуў, што гэта перспектыўны бізнес, паколькі яго можна весці нават у невялікіх гарадках і вёсках.

— Больш за ўсё здзівіла тое, што ў Польшчы жыве вёска і маленькія гарадкі. Той самы Мальбарк — гэта турыстычнае месца, але зняць кватэру там даражэй, чым у Познані. Я жыву ў 20 кіламетрах ад Познані, у нашым гарадку два гатэлі, і ў іх ніколі няма вольных месцаў — усё распісана на два тыдні наперад. І ўжо новая думка: калі атрымаецца, купім кватэру там і будзем рабіць тое самае.

Большасць кліентаў — палякі, для беларусаў — зніжкі

Дарэчы, паводле суразмоўцы, большасць кліентаў (амаль 80 %), якія здымаюць у яго пакоі на суткі — гэта палякі, што прыязджаюць у камандзіроўкі.

— Спачатку было болей украінцаў, але апошнім часам іх стала менш. Беларусаў не так шмат, але для іх імкнёмся рабіць зніжкі. Праўда, калі яны заказваюць пакой праз інтэрнэт, то зніжку там не атрымліваюць, але ўжо на месцы мы робім для іх бонусы — бутэлька шампанскага, да прыкладу, на Новы год. Калі працягваюць тэрмін — даём значную зніжку. Для сваіх землякоў заўсёды ідзём насустрач, дапамагаем, калі трэба.

Цэны выстаўляе штучны інтэлект

Кошт пакоя на суткі ў Мікалая можа складаць ад 150 да 300 злотых. Гэта залежыць ад дня, калі чалавек здымае.

— З гэтым трохі дапамагае мой айцішны бэкграўнд. Мы ўсталявалі адмысловую платформу, дзе штучны інтэлект вызначае цэны ў залежнасці ад попыту. У нас загрузка недзе 90%, і я сам дакладнай цаны ніколі не ведаю — яе выстаўляе сістэма.

Кліенты пішуць водгук пра гатэль, а я — пра іх

Цікаўлюся ў Мікалая, як у яго складваюцца адносіны з суседзямі, ці не скардзяцца яны на ягоных кліентаў і як паводзяць сябе самі кліенты — ці не бывае канфліктаў?

— Здзівілі суседзі — ветлівыя, добразычлівыя. Усе разумеюць, што гэта бізнес, што гэта мая прыватная ўласнасць, што я маю на гэта права. З суседзямі не было ніколі канфліктаў. Што да кліентаў, якія арандуюць пакоі праз інтэрнэт-платформу, то гаспадар піша пра іх потым свой водгук, а яны — пра мяне. Таму, як правіла, кліенты вельмі дысцыплінаваныя. Хаця часам здараюцца канфліктныя моманты.

Веданне мовы — абавязковая ўмова

Дарэчы, палякі таксама займаюцца такім бізнесам. Мікалай распавядае, што калі спачатку здаваў кватэру праз платформу OLX, то ўзнікалі праблемы, калі кліенты чулі ягоны акцэнт. Таму мовай давялося заняцца даволі сур’ёзна.

— Першыя два гады, калі ішоў у банк, у краму або ў адміністрацыю, браў Google Translate, запісваў усе фразы, якія будуць патрэбныя, і так дамаўляўся. А калі пачаў займацца гэтым бізнесам, з’явілася шмат размоў з палякамі, павялічыўся лексічны запас, я мог хутка рэагаваць на іх пытанні. І ўжо на трэці год у мяне не засталося вялікіх праблем з мовай. Многія госці, якія замаўляюць пакой праз тэлефон, калі мы размаўляем нядоўга, нават не зразумеюць, што я не паляк.

Слова «бясплатна» ўпершыню пачуў ад дзяржавы ў Польшчы

Цікаўлюся ў Мікалая, дзе зручней і прасцей весці бізнес — у Беларусі ці ў Польшчы?

— Зручней тут. Адносіны з дзяржавай выстройваюцца інакш. Калі прыязджаеш у падатковую — там адмысловая паркоўка для кліентаў. Ты тут кліент, а не злачынец. Калі ўзнікаюць праблемныя пытанні — табе дапамагаюць. Я ні разу не чуў, каб сказалі: «Мы вас аштрафуем». Не — «Мы вам падкажам, дапаможам».

— Я разумею, што стаўленне да кліентаў тут іншае, але памеры падаткаў у Польшчы вышэйшыя, чым у Беларусі…

— Не скажу, што падаткі вышэйшыя, асабліва калі ты правільна афармляеш і вядзеш бухгалтэрыю. Тут я магу адносіць на выдаткі ўсё, што набываю для бізнесу. А што датычыць падаткаў як грамадзяніна, то калі тут атрымаў першы зварот падатку, быў у шоку. У Беларусі ні разу не было такога, каб падатковая пералічыла мне грошы. У Польшчы ўсе мае знаёмыя атрымліваюць той ці іншы зварот падаткаў. Мы на працягу года не выкарыстоўваем ільготы — і гэта ўлічваецца пры падачы дэкларацыі. Пры пералічэнні маіх плацяжоў улічваюцца ільготы на дзяцей, на мінімальны даход, на выкарыстанне інтэрнэту. У маёй сітуацыі я атрымліваю зварот падатку ў памеры 3–4 тысячы злотых. Я слова «бясплатна» ўпершыню пачуў ад дзяржавы, калі прыехаў у Польшчу.

Размаўляючы пра эміграцыю і жыццё ў Польшчы, суразмоўца прыходзіць да высновы, што ўсё гэта не так і страшна. Таму што найперш — Польшча славянская краіна, людзі падобныя, менталітэт блізкі. І, як сказаў адзін яго сябар: «Польшча — гэта Беларусь здаровага чалавека». Да беларусаў, паводле яго, тут добра ставяцца. І, як прызнаецца Мікалай, ён яшчэ ні разу не адчуваў настальгіі па Беларусі.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфай