Літва разглядае магчымасць закрыцця мяжы для просьбітаў прытулку па прыкладзе Польшчы і Фінляндыі. Пра гэта расказаў тэлеканалу LRT міністр унутраных спраў краіны Уладзіслаў Кандратовіч.
«Цяпер рыхтуецца вельмі вялікі міграцыйны пакет, які можа ўключаць пэўныя змены, звязаныя, скажам, з магчымым закрыццём межаў, як гэта зараз робяць Фінляндыя ці Польшча. Мы зараз глядзім, аналізуем практыку гэтых дзвюх дзяржаў, калі адбываюцца такія падзеі, напады на памежнікаў, можна, скажам, рашэннем урада ўводзіць пэўныя абмежаванні на прыём заяў аб прадастаўленні прытулку», - заявіў Кандратовіч.
У гэтым годзе памежнікі не прапусцілі ў Літву амаль 250 нелегальных мігрантаў з Беларусі. У мінулым годзе было зафіксавана 1 002 спробы ўезду ў краіну з Беларусі ў несанкцыянаваных месцах.
«Мы бачым, што меры, якія былі дарэчныя пару гадоў таму ці летась, сёння могуць аказацца недарэчнымі, таму мы павінны мець магчымасць рэагаваць адпаведным чынам, укараняць лепшыя практыкі і аналізаваць сітуацыі ў іншых краінах. Мы павінны аўтаматычна падрыхтаваць і нашу прававую базу, вельмі важна, каб прававая база была дарэчнай, каб мы былі гатовыя да будучых пагроз», - сказаў міністр Кандратовіч
Наплыў мігрантаў ва ўсходнія краіны Еўрасаюза з Беларусі пачаўся ў 2021 годзе, і ў яго арганізацыі Захад абвінавачвае мінскі рэжым.
аз