Беларуская Служба

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў запатрабавала спыніць новы пераслед Леаніда Судаленкі

14.04.2025 15:00
Праваабаронцы лічыць, што гэта спроба прымусіць Судаленку замаўчаць у падтрымку зняволеных беларускіх праваабаронцаў.
Леанід Судаленкаspring96.org

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) выступіла з заявай наконт новай крымінальнай справы супраць праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі.



Міжнародная праваабарончая арганізацыя рашуча асуджае пераслед праваабаронцы і лічыць, што гэта з'яўляецца відавочнай спробай прымусіць яго замаўчаць у падтрымку зняволеных беларускіх праваабаронцаў.

Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады неадкладна зняць усе абвінавачванні супраць яго. Таксама яна рашуча асуджае пераслед сваякоў Леаніда, уключаючы яго састарэлую маці, які праводзіцца з мэтай запалохвання і прычынення ім далейшых фізічных і псіхалагічных пакут.



Нагадаем, 26 сакавіка два прадстаўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення Следчага камітэта і пракурор наведалі зарэгістраваны адрас Леаніда Судаленкі ў Гомелі для дакументавання яго адсутнасці. Гэта з'яўляецца працэдурай, неабходнай для ўзбуджэння завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія пражываюць за межамі Беларусі.

Падчас гэтага візіту прадстаўнік Следчага камітэта пацвердзіў, што Леаніду Судаленку прад'яўленыя новыя крымінальныя абвінавачванні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса). Сутнасць абвінавачванняў застаецца невядомай.

Трэцяга красавіка 2025 года двое супрацоўнікаў прыйшлі да 87-гадовай маці Леаніда Судаленкі, якая пражывае ў вёсцы ў Гомельскай вобласці. Яны паведамілі жанчынне, што яе сын знаходзіцца ў вышуку і ў дачыненні да яго распачатая новая крымінальная справа. Яго маці таксама прымусілі падпісаць дакумент, які пацвярджае адсутнасць сына дома.

Абсерваторыя нагадвае, што Леанід Судаленка ўжо двойчы быў незаконна асуджаны ў адплату за свае законныя правы чалавека, у тым ліку завочна.



Леанід Судаленка быў адвольна затрыманы 18 студзеня 2021 года, а ў лістападзе 2021 года асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за "фінансаванне і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (часткі 1 і 2 артыкула 342 КК) па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Адседзеўшы тэрмін у ліпені 2023 года, Леанід Судаленка выйшаў на волю і неўзабаве пакінуў Беларусь. Аднак у лістападзе 2023 года Следчы камітэт распачаў супраць яго новую крымінальную справу па артыкуле «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»(чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).

17 чэрвеня 2024 года Гомельскі раённы суд завочна асудзіў Леаніда Судаленку да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 26 000 рублёў (прыкладна 7 400 Еўра). Як адзначае Праваабарончы цэнтр «Вясна», Леанід Судаленка таксама быў абвешчаны ў беларускі і расейскі вышук, што прывяло б да яго неадкладнага арышту ў выпадку яго выезду ў Расейскую Федэрацыю або Беларусь.

аз

Да 87-гадовай маці праваабаронцы Судаленкі прыходзілі сілавікі

07.04.2025 13:17
Леанід Судаленка адзначае, што нават седзячы за кратамі, ніколі не казаў маці, дзе знаходзіўся — бярог яе здароўе.