Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская распавяла пра цяжкасці ўключэння беларускіх палітвязняў у міжнародныя абмены

18.04.2025 09:01
Ідзецца пра тое, што на Захадзе няма лукашэнкаўскіх паплечнікаў, на каго можна было б правесці абмен.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/tsikhanouskaya

«Няма такіх беларускіх Красікавых, якіх хацеў бы забраць Лукашэнка», так Святлана Ціханоўская патлумачыла ў інтэрв'ю латышскаму каналу «И Грянул Грэм» цяжкасці ўключэння беларускіх палітвязняў у міжнародныя абмены. Таксама лідарка беларускіх дэмакратычных сіл падзялілася бачаннем далейшай стратэгіі дэмакратычных сілаў і пракаментавала ролю заходніх партнёраў у падтрымцы Беларусі.

Святлана Ціханоўская зазначыла, што на дадзены момант у Лукашэнкі няма ніякіх рычагоў кіравання, акрамя гвалту. Рэжым працягвае рэпрэсіі ды не збіраецца спыняцца. 

— Мы вельмі былі радыя бачыць Машу Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і іншых. Але іх паказалі па дзяржаўных каналах – і сувязь з імі зноў знікла. Мы хаця б убачылі, што яны жывыя, у якім стане знаходзяцца. Аднак пасля палітзняволеных зноў перавялі ў рэжым інкамунікада. Я думаю, рэжым гэта робіць, каб паказаць: «вось паглядзіце, яны жывыя, час ісці на збліжэнне з намі». Мяркую, менавіта вось такія пасылы былі. Але ў нашых партнёраў вельмі жорсткая і ўстойлівая пазіцыя з нагоды Беларусі: ціск на рэжым, супрацоўніцтва з беларусамі.

Дэмакратычныя сілы спрабуюць знайсці спосабы абмену беларускіх палітвязняў, дадала лідарка беларускай апазіцыі. Пры гэтым Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ёсць праблема з абменам палітычных зняволеных у тым, што «няма такіх беларускіх Красікавых, якіх хацеў бы забраць Лукашэнка. Гэта значыць – няма яго такіх паплечнікаў і блізкіх людзей, якіх ён шануе, таму абменьваць няма на каго». 

Крыніца: Светлана Тихановская/юл