«З глыбокім смуткам даведалася пра смерць Папы Рымскага Францішка. Яго пантыфікат – прыклад сапраўднага служэння чалавеку: з клопатам пра людзей, з нястомнай барацьбой за годнасць, свабоду і справядлівасць. Ён заўсёды быў побач з тымі, каго зневажаюць і праследуюць», - адзначыла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў сувязі са смерцю пантыфіка.
Яна дадала, што Папа Францішак «падзяляў каштоўнасці важныя для беларусаў – павагу да жыцця, свабоды і чалавечай годнасці (…) выступаў супраць смяротнага пакарання, называў чалавечае жыццё найвышэйшай каштоўнасцю і святасцю».
«Ён не раз праяўляў салідарнасць з палітвязнямі і заклікаў да іх вызвалення, а таксама падтрымліваў імкненне да свабоднай Беларусі. Ён называў вайну трагедыяй, што прыносіць смерць і слёзы», - чытаем у спачуванні Святланы Ціханоўскай.
Духоўная спадчына Папы Францішка – яго прынцыповасць, мужнасць і вера ў чалавечую годнасць – застанецца жывой і будзе натхняць нас у барацьбе за праўду і волю.
«Спачуваю каталіцкай супольнасці і ўсім, каго закранула гэта страта. Светлая памяць пантыфіку», - напісала Святлана Ціханоўская.
аз