Даследаванне мясцовасці, эксгумацыя парэшткаў ды іх аналіз зоймуць некалькі тыдняў.
У чацвер, 24 красавіка, у Пузьніках на Валыні пачаліся эксгумацыйныя працы па пошуку ды ідэнтыфікацыі польскіх ахвяр валынскага злачынства. Сем'і ахвяр украінскіх нацыяналістаў задзейнічаныя ў працэсе, яны прадставілі матэрыял для генетычнага тэставання. Супрацоўнікі ўкраінскай паліцыі ахоўваюць тэрыторыю дзе адбываюцца раскопкі, польскія даследчыкі працуюць там, маючы некалькі тон спецыяльнага абсталявання.
Гэта першыя падобныя працы з таго часу, як у лістападзе 2024 года ўкраінскі бок зняў забарону на пошук і эксгумацыю парэшткаў польскіх ахвяр на тэрыторыі Украіны.
На месцы былой вёскі Пузьнікі ў Цярнопальскай вобласці Украіны польскія навукоўцы стварылі даследчы лагер. На працягу некалькіх тыдняў яны будуць эксгумаваць і даследаваць парэшткі ахвяр Валынскай разні, учыненай украінскімі нацыяналістамі.
Даследчыкі і эксперты з Паморскага медычнага ўніверсітэта, фірмы Wołyńskie świetości ды Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія каардынуюцца польскім Фондам «Свабода і дэмакратыя». Усе работы фінансуюцца з бюджэту Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
У 1945 годзе ўкраінскія нацыяналісты напалі на вёску і забілі некалькі дзясяткаў жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Пра працы ў Пузьніках распавядае шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі. Пачатак эксгумацыйных прац некаторыя ў Польшчы называюць прарывам у польска-ўкраінскіх адносінах, некаторыя не пагаджаюцца з гэтым, пацікавіліся ў Мацея Ястшэмбскага, што ён думае на гэты конт.
— Прарыў заключаецца прынамсі ў тым, што польская і ўкраінская каманды ўчора пачалі сумесную працу на месцы былых могілак. У неіснуючай сёння вёсцы Пузьнікі высечаныя дрэвы і збіраецца адпаведнае абсталяванне. Вядзецца актыўная падрыхтоўка да неадкладнага пачатку эксгумацыі. Ці стануць Пузьнікі адзіным такім месцам, ці польскія даследчыкі змогуць праводзіць сваю працу і ў іншых мясцінах на Валыні? Хутчэй за ўсё, гэта мы даведаемся ў бліжэйшыя месяцы.
Намеснік старшыні польскага фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацей Дансевіч, які атрымаў дазвол ад Кіева на эксгумацыю целаў ахвяр валынскага злачынства і падрыхтоўку годнага пахавання, распавядае пра тое, што цяпер адбываецца ў Пузьніках:
— Цяпер гэтая неіснуючая вёска, якая была асуджаная на забыццё, бо была знішчана такім чынам, каб назаўжды знікнуць з мапы. І яе сапраўды няма ўжо 80 гадоў. Засталіся толькі гэтыя могілкі. Спадзяюся, нам удасца выцягнуць людзей з забыцця, пахаваць іх і, спадзяюся, дамы рады напісаць імёны на крыжах, каб тут паўстала месца гістарычнай памяці. Катынь — для нас вялікая падзея, праўда? Прыгадайце, раней таксама казалі, што Катынь непатрэбная і гэтак далей. Але там справу завяршылі, стварылі Катыньскія могілкі. Перакананы, сёння — гэта толькі пачатак, працэс будзе належным чынам завершаны, каб усе месцы спачынку ахвяр былі знойдзены, каб людзі былі пахаваны і там паўсталі годныя помнікі.
З тэхнічнага боку эксгумацыйнымі працамі кіруе прафесар Анджэй Асоўскі з Паморскага медычнага ўніверсітэту (Шчэцін). Паводле разлікаў навукоўца, даследаванне мясцовасці, эксгумацыя парэшткаў ды іх аналіз зоймуць некалькі тыдняў. Прафесар Анджэй Асоўкі падчас кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ падкрэслівае, што польскай камандзе дапамагаюць украінскія даследчыкі і мясцовая адміністрацыя:
— У лагістычным плане ўсё выглядае лепш, чым мы спадзяваліся. Мы баяліся, што ўмовы надвор'я ўскладняць пачатак работ. Аднак мы атрымалі поўную падтрымка ўкраінскага боку, які дапамагае нам, як бачыце, у гэтым. Сённяшні дзень, які мае вырашальнае значэнне, праходзіць вельмі гладка. На месцы правядзення работ мы ствараем так званы медычны пункт, куды парэшткі пасля эксгумацыі дастаўляюцца дзеля правядзення антрапалагічных і медыцынскіх аналізаў, а таксама збору матэрыялу для далейшага генетычнага даследавання.
Так выглядае праца навукоўцаў, дзеля якаснага выканання якой неабходна эмацыйна абстрагавацца ад усяго гістарычнага цяжару, звязанага з Валныскай трагедыя. Але важнасць гістарычнага моманту пачатку эксгумацыйных работ на Валыні, якія былі немагчымыя мінулыя 80 гадоў, адчуваецца ў паветры, — кажа карэспандэнт Польскага Радыё, які знаходзіцца ў Пузьніках, Мацей Ястржэмбскі:
— Праз 80 гадоў пасля злачынства, учыненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць палякаў у Пузьніках, ад гэтай вёскі не засталося і следу. Калі я ўчора ўпершыню ў жыцці паехаў у гэтыя мясціны, я нават не ўбачыў ніякіх слядоў падмуркаў ці разбураных будынкаў, зарослых хмызняком. Так, там ёсць кусты, дрэвы і трава. Засталіся маленькія старыя могілкі. Але адно кідаецца ў вочы — вакол у гэтых зарасніках растуць прыгожа квітнеючыя старыя яблыні. Значыць, там мусіў быць сад, там павінны былі жыць людзі, якія даглядалі гэты дрэвы.
Пасля 80 гадоў, нарэшце, надышоў гэты момант, калі целы будуць знойдзены і пачнуцца генетычныя даследаванні, з'яўляецца велізарны шанец. І ўсе разлічваюць на тое, што можна будзе дакладна вызначыць, якія косці, кажучы прама, каму належаць. Гэтыя ахвяры такім чынам павернуцца да сваіх родных праз 80 гадоў пасля гэтых трагічных падзей. Сваякі змогуць запаліць свечку на магіле, мы нарэшце пабачым імёны ахвяр. Гэта не будзе безыменная магіла дзесьці ў зарасніках. Толькі магілы ў зямлі, як і належыць паводле нашай традыцыі, з павагай да памерлых.
Злачынства ў Пузьніках было здзейснена ў ноч з 12 на 13 лютага 1945 года сотняй УПА Пятра Хамчука, пазыўны «Быстры». Украінскія нацыяналісты забілі ад 50 да 120 палякаў-жыхароў вёскі Пузьнікі.
Паводле розных падлікаў гісторыкаў, у 1943–1944 гадах ад рук украінскіх нацыяналістаў на Валыні было забіта ад 60 тыс. да 120 тыс. палякаў.
Слухайце аўдыё!
эж