За 2024 год у Беларусі зарэгістравалі 754 выпадкі адру — гэта самая вялікая колькасць выпадкаў захворвання пасля 1995 года. Пра гэта заявіла прадстаўніца НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марына Ермаловіч у часопісе «Медицинский вестник».
Для параўнання — у 2018 годзе ў Беларусі зафіксавалі 259 выпадкаў адру, у 2019-м — 201, у 2020-м — 0, у 2021-м — 3, у 2022-м — 0, а ў 2023-м — 206 выпадкаў.
Паводле эксперткі, усплёск назіраўся ў першую палову 2024 года, да канца лета колькасць рэгістраваных выпадкаў адру ў Беларусі рэзка знізілася. Паводле Ермаловіч, рэгістрацыю выпадкаў адру ў Беларусі праводзяць толькі пасля іх лабараторнага пацвярджэння.
У 2024 годзе 43% выпадкаў захворвання склалі дзеці да 18 гадоў, у той час як да 2023 года асноўную долю (ад 70% да 90%) хворых складалі дарослыя 20-60 гадоў. Большасць дзяцей (83%), якія захварэлі, не былі прышчэпленыя супраць адру з прычыны адмовы бацькоў ад вакцынацыі.
Большасць хворых дарослых таксама або не былі прышчэпленыя супраць адру, або звесткі пра вакцынацыю ў іх адсутнічалі. Толькі каля 35% хворых дарослых мелі звесткі пра зробленую прышчэпку, аднак усе яны атрымалі апошнюю дозу вакцыны больш за 10 гадоў таму, адзначыла Марына Ермаловіч.
Паводле прадстаўніцы НДІ, летась вірус адру ў Беларусь неаднаразова завозіўся з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама з Азербайджану, Казахстану, Грузіі, Польшчы, ААЭ. Паводле эксперткі, летась уздым захворванняў на адзёр назіраўся і ў свеце.
Экспертка адзначыла, што пачынаючы з 2012 года, з моманту фармавання Еўрапейскай рэгіянальнай камісіі па верыфікацыі і элімінацыі адру і краснухі, Беларусь штогод «прызнавалася тэрыторыяй, дзе абедзве гэтыя інфекцыі элімінаваныя», і выказала спадзяванне, што прадстаўленыя ў камісію малекулярна-эпідэміялагічныя звесткі за 2024 год будуць «доказам таго, што мелі месца шматлікія завозы віруса адру, але, нягледзячы на абмежаванае распаўсюджванне ўзбуджальніка, аднаўлення яго эндэмічнай перадачы ў краіне не адбылося».
Свабода/аз