«У Беларусі жывуць 560 тысяч людзей з інваліднасцю, больш за 30 тысяч з іх – дзеці. Яны сутыкаюцца з побытавымі і медыцынскімі цяжкасцямі, з бар’ерамі – фізічнымі, юрыдычнымі, сацыяльнымі. Часта не могуць рэалізаваць нават свае базавыя правы. Пры гэтым голас людзей з інваліднасцю не чутны, а незалежныя ініцыятывы і СМІ, якія маглі б ім дапамагчы, знішчаюцца», - падкрэсліла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацпалітыцы Вольга Зазулінская з нагоды Міжнароднага дню барацьбы за правы інвалідаў.
Паколькі, паводле прадстаўніцы АПК, у Беларусі пакуль няма сапраўды сацыяльна арыентаванай дзяржавы «застаецца спадзяванне на супольнасць і яе салідарнасць».
«Таму мы заклікаем: не будзьце абыякавымі. Побач з намі – людзі, якія праз інваліднасць і адначасова праз рэпрэсіі апынуліся ў выключна цяжкай сітуацыі», - заявіла Вольга Зазулінская.
Яна таксама нагадала, што на платформе дабрачыннага фонду «Краіна для Жыцця» адкрыты збор, які можа стаць для іх шанцам на лепшае жыццё.
«Далучайцеся. Кожны ваш унёсак – крок да больш справядлівага і чалавечнага свету», - заклікала прадстаўніца АПК па сацпалітыцы.
аз