Беларуская Служба

Лукашэнкаўскае Міністэрства замежных спраў зрабіла заяву па перамовах Расіі і Украіны

16.05.2025 09:43
МЗС заявіла, што Украіна і Расія для нас - брацкія дзяржавы, і выказаў гатоўнасць падтрымаць працэс мірнага ўрэгулявання.
Ілюстрацыйны здымакфота: zerkalo.io

«Беларусь заўсёды паслядоўна выступала за адкрыты і прамы дыялог. Мы перакананыя, што толькі дыпламатычныя перамовы могуць стаць эфектыўным інструментам для пошуку рашэнняў і ўмацавання стабільнасці ў нашым рэгіёне», - гаворыцца ў заяве МЗС.

У ведамстве падкрэслілі, што Беларусь гатова падтрымаць працэс мірнага ўрэгулявання і ўнесці свой уклад «у фарміраванне стабільнай і мірнай будучыні ў нашым рэгіёне на карысць трох брацкіх краін і народаў».

Разам з тым лукашэнкаўскі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў выказаў выразна прарасійскую пазіцыю. Напярэдадні перамоў, лукашыст заявіў, што РФ гатова «выкарыстоўваць усе шанцы для міру, а Кіеў абмяжоўваецца дэкларацыямі».

Нагадаем, з прапановай аднавіць прамыя перамовы паміж Кіевам і Масквой у Стамбуле ўначы 11 траўня выступіў Уладзімір Пуцін. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў, што на перагаворах мае намер абмеркаваць спыненне агню і абмен усіх палонных.

Сустрэча была прызначаная на 15 траўня ў Стамбуле, адбываецца ў пятніцу 16 траўня.

Крыніца: «Люстэрка»/юл