З Белавусавым сустрэўся і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
«Мы плануем сумесна адпрацаваць дзеянні па адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы з прымяненнем рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, кааліцыйнай групоўкі войскаў дружалюбных дзяржаў на некалькіх стратэгічных напрамках», — перадае словы Белавусава прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка прыняў Белавусава, яны размаўлялі пра супольныя вайсковыя вучэнні Беларусі і Расіі на беларускай тэрыторыі.
«Хачу сказаць, што да вучэнняў мы гатовыя. Нічога ні ад каго не хаваем. Мы сапраўды дэманструем адкрытасць — што гэтыя вучэнні нашыя і маюць абарончы характар. І ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Ну, гэта іхная справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэнне на ўзроўні прэзідэнтаў аб правядзенні вучэнняў.
Што да нашай часткі, на палігонах Беларусі, мы гатовыя. Мы гатовыя да таго, каб куды трэба вылецець адпаведна плану на палігоны Расіі. Наадварот — прыняць расійскія войскі і правесці сумесныя вучэнні нашай сумеснай групоўкі войскаў, якая створана ў саюзнай дзяржаве. У гэтым плане Расія можа не турбавацца. Мы вельмі прыстойна падрыхтуемся»,— запэўніў Аляксандр Лукашэнка, яго словы цытуе БЕЛТА.
Лукашэнка таксама падзякаваў Белавусаву за тое, што Расія знайшла «магчымасць пастаўкі ў Беларусь закупленых намі ўзораў узбраення»:
«Я маю на ўвазе самалёты, верталёты і гэтак далей. Мы вельмі актыўна працуем над перспектыўнымі відамі узбраенняў. Вы ведаеце гэта добра. Рэалізуем задуму, якую мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным, — аб размяшчэнні тут самых перадавых відаў зброі для абароны. У тым ліку „Арэшнік“ і гэтак далей. Мы тут значна прасунуліся».
Андрэй Белавусаў заявіў падчас сустрэчы, што «агульную абаронную прастору» Расіі і Беларусі трэба «ўмацоўваць як мага хутчэй»:
«Першае — гэта павышэнне зладжвання войскаў і працы штабоў. Ключавой падзеяй у гэтым напрамку супрацоўніцтва з'яўляецца сумеснае вучэнне «Захад-2025». Яно запланавана на пачатак восені гэтага года і пройдзе адначасова на палігонах у Расіі і Беларусі».
вх