«Мы вітаем распачаты ў 2024 годзе працэс вызвалення і заклікаем беларускія ўлады працягнуць працэс вызвалення палітзняволеных і пашырыць яго, забяспечыўшы вызваленне ўсіх, хто быў зняволены па палітычных матывах. Мы таксама заклікаем дэмакратычных палітыкаў выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты і механізмы, каб садзейнічаць вызваленню, у тым ліку шляхам дыпламатычных ініцыятыў і гуманітарных перамоваў», – чытаем у заяве, з якой з нагоды Дня палітвязняў выступілі праваабарончыя арганізацыі, якую публікуе «Вясна».
Паводле іх, вызваленне палітычных зняволеных – гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і праяўленне чалавечнасці. Для вызваленых гэта значыць канец невымоўных пакутаў, вяртанне да родных – а ў некаторых выпадках нават ратаванне ад смерці, якая пагражае ім у зняволенні.
Праваабаронцы нагадалі, што па стане на сакавік 2025 года, у Беларусі больш за 2600 палітычных зняволеных цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, каля 1200 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычных матывах, некаторыя – ужо пяць гадоў. Найменш восем чалавек памерлі ў зняволенні праз бесчалавечыя ўмовы. Больш за 200 зняволеных належаць да ўразлівых груп, дзясяткі знаходзяцца ў крытычным стане.
«Кожны новы дзень у няволі ўяўляе непасрэдную пагрозу жыццю і здароўю зняволеных», – падкрэсліваюць праваабаронцы.
Яны таксама нагадваюць, што з 2024 года адбыўся шэраг памілаванняў і абменаў зняволенымі – у 2025 годзе гэты працэс працягнуўся. Агулам такім чынам былі вызваленыя больш за 300 палітвязняў да заканчэння іх тэрміну зняволення.
«Гэта даказвае: шляхі да вызвалення палітычных зняволеных існуюць!Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх, хто знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах, магчымае», – заяўляюць падпісанты маніфеста праваабарончых арганізацый.
аз