Беларуская Служба

Еўрасаюз вылучыць 5,5 мільёна еўра дапамогі Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода

21.05.2025 13:46
Праблемы пачаліся з указa прэзідэнта Дональда Трампа, які ўвёў значныя скарачэнні, у тым ліку ў Агенцтве ЗША па глабальных СМІ (USAGM).
Сцяг ЕўрасаюзаCapri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўрасаюз пагадзіўся вылучыць 5,5 мільёна еўра ў якасці надзвычайнай дапамогі медыякарпарацыі Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (RFE/RL), паведаміла 20 траўня кіраўніца замежнай палітыкі ЕС Кая Калас, якую цытуе «Свабода».

Паводле яе, кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў краін Еўрасаюза ўзгаднілі пакет дакументаў, «каб падтрымаць жыццёва важную працу» Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода.
Калас падкрэсліла, што ЕС не зможа запоўніць дэфіцыт фінансавання арганізацыі ўва ўсім свеце, але можа дапамагчы вяшчальніку «працаваць і функцыянаваць у тых краінах, якія ў суседстве і якія вельмі залежаць ад навін, што паступаюць звонку».

«Для нас відавочна, што ў гэтай сітуацыі мы павінны засяродзіцца на дапамозе функцыянаванню Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода ў суседнім рэгіёне – на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі i г.д. Пакуль што гэтыя грошы – толькі часовая дапамога. Пытанне доўгатэрміновага фінансавання ўсё яшчэ патрабуе вырашэння. Акрамя таго, дыскусіі ў ЕС, звязаныя са скарачэннем фінансавання ЗША, сведчылі, што нам трэба дзейнічаць стратэгічна – дзе менавіта мы павінны ўмяшацца, каб запоўніць дзірку. А гэта азначае пошук спосабаў дапамагчы свабодным медыя ў цэлым», – сказала кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі.

Прэзідэнт Радыё Свабода Стыў Капус выказаў падзяку ЕС за дапамогу:

«Мы ўдзячныя за тэрміновае фінансаванне, якое дапамагае падтрымліваць працу Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода. Дзякуючы прынцыповаму кіраўніцтву віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі Каі Калас, міністра замежных справаў Чэхіі Яна Ліпаўскага і іншых мы можам падтрымліваць дзейнасць яшчэ некаторы час, працягваючы нашу юрыдычную барацьбу ў Злучаных Штатах за сродкі, вылучаныя Кангрэсам. Існаванне Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода застаецца пад пагрозай, пакуль гэтыя сродкі затрымліваюцца», – сказаў Стыў Капус.

Юрыдычная барацьба Радыё Свабодная Еўропа з Агенцтвам глабальных медыя ЗША цягнецца ад 14 сакавіка, калі прэзідэнт Дональд Трамп падпісаў выканаўчы загад, які прадугледжвае значныя скарачэнні ў сямі федэральных агенцтвах, у тым ліку ў Агенцтве ЗША па глабальных СМІ (USAGM), якое курыруе «Радыё Свабодная Еўропа» і іншых федэральных вяшчальнікаў.

*RFE/RL – незалежная міжнародная медыякарпарацыя, чые праграмы на 27 мовах сягаюць штотыднёвай аўдыторыі ў амаль 50 мільёнаў чалавек у 23 краінах.

аз