Беларуская Служба

У Мінску адкрылася міжнародная вайсковая выстава Milex-2025

21.05.2025 16:45
Выставу будзе суправаджаць вайсковая канферэнцыя з удзелам каля 300 экспертаў і адмыслоўцаў.
      Milex-2025
У Мінску адкрылася міжнародная вайсковая выстава Milex-2025 t.me/belexpo/скрыншот

У Мінску адкрылася міжнародная вайсковая выстава Milex-2025. У ёй бяруць удзел больш за 150 кампаніяў з Беларусі, а таксама з Індыі, Ірану, Кітаю, Пакістану і Расіі.

На рэкордна вялікай выставачнай плошчы арганізатары абяцалі паказаць больш за 750 экспанатаў: узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі.

Асобна арганізатары звяртаюць увагу на беларускія вайсковыя вырабы:

- зенітна-ракетны комплекс «Бук-МБ-2К» з першай беларускай зенітнай кіраванай ракетай,
- гранатамётны комплекс «Сапфір»,
- бронетранспартэр V-2,
- а таксама дроны і сродкі барацьбы з імі, зробленыя ў Беларусі.

Таксама ў прэс-рэлізе выставы паведамляюць, што на ёй пройдзе вайсковая канферэнцыя з удзелам каля 300 экспертаў і адмыслоўцаў.

Напярэдадні выставы праанансаваў сваю калекцыю на ёй і расійскі «Рособоронэкспорт». Ён пакажа новыя боепрыпасы, розную зброю, верталёты і агнямётныя сістэмы, сродкі супрацьпаветранай і радыёэлектроннай абароны, а таксама бранятэхніку, у тым ліку танк Т-90МС «Прорыв».

Сёлета выстава Milex-2025 месціцца ў новым Нацыянальным выставачным комплексе на вуліцы Паўліны Мядзёлкі ў Мінску, нагадвае «Свабода».

аз